Лекара-хірурга з Гародні Сяргея Батаева 18 сакавіка выклікаў участковы. Выявілася, што на старонцы доктара знайшлі падпіскі на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і паскардзіліся на лекара ў міліцыю. На Сяргея паступіў «сігнал» з папраўчай установы адкрытага тыпу № 24, падпісаны часова выконваючым абавязкі начальніка.

Справа дайшла да суда. Суддзю зацікавіў пост Сяргея супраць вайны ва Украіне.

«Там былі словы „Слава Украіне!“, „Жыве Беларусь!“ і „акупанты гоу хоум“. Я сказаў, што нічога дрэннага не ўгледзеў у словах з гімна суседняй брацкай краіны і радках з верша Купалы. А пра акупантаў — гэтае маё асабістае меркаванне пра тое, што адбываецца, і Канстытуцыя не забараняе выказвацца. Ён толькі заўважыў, што мне 45 гадоў і ў мяне трое дзяцей, і, кшталту, вам гэта трэба?» — расказаў медык.

У выніку Сяргею Батаеву прысудзілі 25 базавых штрафу за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».