Калі ў майго сябра-выкладчыка студэнты пыталіся напярэдадні чарговага міжнароднага матча, як згуляюць нашы футбалісты (зборная альбо клубы) ён зазвычай безапеляцыйна адказваў адной фразай: «Ніякіх шанцаў!». Прагноз гэты амаль заўсёды збываўся, што ўздымала аўтарытэт выкладчыка. Тут трэба паясніць, што сябра футболам не цікавіўся ўвогуле і адпаведна не разбіраўся ў ім, аднак ровень айчыннага футболу апошнім часам эпохі «развіцця стабільнасці» быў такім, што катэгарычны прагноз быў відавочным.

   Прыгадалася гэтая рэальная, у значнай ступені камічная, гісторыя, калі задумаўся я, з чым жа, з кім жа і як выйдзе Беларусь з гэтай захопніцкай вайны Расеі ва Украіне, ужо навязанай у той ці іншай форме і беларускаму народу. Гісторыя апошніх стагоддзяў выразна засведчыла, што ўсе войны на тэрыторыі Беларусі ці з яе ўдзелам нязменна прыносілі нам толькі паразы і страты – людскія, матэрыяльныя і канечне тэрытарыяльныя. Не даводзіцца нічога добрага чакаць і ад чарговай расейскай ваеннай авантуры. Да таго, каб поўнасцю зганьбіць цяперашнюю дзяржаву Рэспубліка Беларусь і паралельна запэцкаць увесь беларускі народ (ад чаго будзе цяжка адмыцца доўгія гады), сённяшнім уладам засталася апошняя рыса, якая можа быць пяройдзена кожным бліжэйшым днём. Гэта адкрыты ўдзел так званага беларускага войска фізічнай сілай у вайне на тэрыторыі Украіны. Да гэтага Беларусь цэлы час змушае Масква і да гэтага запаўнення часткі фронту гарматным мясам застаўся толькі адзін крок. Ва ўсіх астатніх сэнсах вядзення вайны тэрыторыя Беларусі ўжо выкарыстана пуцінскім рэжымам і яго мінскім філіялам, які дайшоў да такога жаласнага стану, што змушаны ва ўсім падпарадкоўвацца Маскве. І тое, што Беларусь ужо стала сусветным ізгоем, павыкідана з усіх міжнародных спартовых і культурных форумаў, падпала пад эканамічныя санкцыі, пакажацца толькі кветачкамі ў параўнанні з тым, калі рэгулярныя часткі беларускіх салдатаў будуць уведзены ва Украіну «на закланне». Тады ў Беларусь паедуць соткі, а то і тысячы трунаў і чужая вайна куды больш страшна ўвойдзе ў беларускую, і так змрочную рэчаіснасць.

   У такой сітуацыі надзвычай важна прызнанне Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй. І некаторыя лідары дэмакратычнай беларускай апазіцыі ўжо звярнуліся з такім заклікам да міжнароднай супольнасці. Але ці не найперш трэба атрымаць прызнанне такога статусу ад самой Украіны. Пакуль непасрэдных зваротаў да законных прэзідэнта і парламента Украіны ад лідараў дэмакратычнай Беларусі, ці тых, хто прэтэндуе на такі статус, на жаль, не было. А найлепш было б, каб у Кіеў паехала цэлая беларуская дэлегацыя, якая выразна засведчыць пазіцыю дэмакратычнай Беларусі і такім чынам у значнай ступені ўратуе адносіны з суседзямі. Бо пакуль таго, што за незалежнасць Украіны ваюе беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага, што беларусы за мяжой ладзяць акцыі салідарнасці і збор сродкаў для ўкраінцаў, а беларусы ў Беларусі вядуць падпольнае «рэйкавае блакаванне» чыгункі, каб не перамяшчаліся грузы і войскі акупантаў, яшчэ замала.

   Калі дапусціць сцэнар, што бліжэйшым часам будзе падпісана нейкае мірнае пагадненне і Расея выведзе свае войскі з тэрыторыі большай часткі Украіны, то і так Беларусь не чакае нічога добрага. Бо значная, калі не пераважная частка гэтых акупацыйных войскаў застануцца якраз у Беларусі і на ўтрыманні беларусаў. А наша краіна далей будзе ператварацца ў падабенства Паўночнай Карэі, ці ў лепшым разе, Кубы.

   Сітуацыя зараз такая, што Беларусь не мае ні парламенту, ні ўласнага войска, ні ўласнай аховы мяжы, ні ўласнай эканомікі, па-сутнасці не мае дзяржаўнасці. Засталіся толькі яе дробныя і асаобныя элементы. Але нават сама безнадзейныя сітуацыі ў гісторыі розных народаў не раз паказвалі, што выйсце можна знайсці. Як паказала найноўшая гісторыя той жа Украіны, няма нічога нерэальнага, калі народ хоча быць народам, а не аморфным насельніцтвам. І калі гэты народ хоча быць вольным…   

Уладзімір Хільмановіч