Таксама беларускія праваабаронцы фіксуюць затрыманьні падлеткаў пры іх аднагодках.

Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся да спэцыяльных дакладчыкаў ААН з інфармацыяй аб практыцы публічных арыштаў падлеткаў і публікацыі «пакаяльных» відэа з удзелам дзяцей. У звароце апісаныя 3 выпадкі дэманстратыўнага затрыманьня падлеткаў пры іх аднагодках, а таксама даюцца прыклады 6 «пакаяльных» відэа.

«Мы паказалі, што як затрыманыя падлеткі, так і вымушаныя глядзець на публічныя затрыманьні або „пакаяльныя“ відэа, могуць перажыць цяжкую псыхалягічную траўму, якая выклікае праблемы з сацыяльнай адаптацыяй і паўнавартасным разьвіцьцём, а таксама з фармаваньнем успрыманьня і ўсьведамленьня асабістай годнасьці», — адзначае БХК.

Зварот даслалі спэцыяльным дакладчыкам ААН у пытаньнях: катаваньняў; свабоды думак і іх свабодным выказваньні; права на здароўе; права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця; сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Варта адзначыць, што словы на відэа, якія запісваюць сілавікі, у праўнай дзяржаве ня могуць лічыцца доказамі віны чалавека. На шэрагу відэаролікаў, выкладзеных самымі сілавікамі ў сеціва, бачныя сьляды пабіцьця на тварах людзей.