У Менскім гарадскім судзе 30 сакавіка абвешчаны прысуд па крымінальнай справе палітвязня, вядомага беларускага мастака і перфомера Алеся Пушкіна. Яго звінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні  расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Справу разглядала суддзя Алена Шылько. Дзяржабвінаваўца – пракурор Аляксандр Кароль.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус. 

Сутнасць абвінавачання

Затрыманню папярэднічала пачынанне 26 сакавіка пракуратурай Гародні крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”, па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў.

Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для пачынання крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, цягам выставы Алесь Пушкін “характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”.

У канцы лістапада 2021 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.

Напрыканцы мінулага году было выстаўленае канчатковае абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобай) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 12 студзеня 2022 справа была перададзеная ў суд.

У час адного з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка,  Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго кінулі на 13 дзён у карцар.

Суд пастанавіў: прызнаць Алеся Пушкіна вінаватым і прызначыць яму пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму.