Гарадзенскі журналіст і палітзняволены Дзяніс Івашын больш за год знаходзіцца за кратамі ў турме. Яго жонка Вольга заўважыла, што па лукашэнкаўскім тэлебачанні пачалі паказваць ролікі пра Дзяніса. Пра тое, што ў гэтых роліках, распавядае Вольга Івашына:

– Пра нібыта створаную агентурную сетку дыпламатамі Украіны на тэрыторыі Беларусі. І, канешне, паводле версіі камітэтчыкаў, шукалі сярод грамадзянаў Беларусі патэнцыйных агентаў. Адным з іх нібыта выстаўляюць Дзяніса, што ён з куратарамі працаваў, выконваў іх заданні, збіраў суперсакрэтныя звесткі.

Вольга лічыць гэтыя ролікі прапагандай і фэйкам:

– Усё што паказана, гэта толькі іхняя інтэрпрэтацыя таго, што нібыта нешта было. Паказваюць толькі адзін бок, прычым займаюцца прапагандай, усё ў роліках выглядае, як чыстая прапаганда. Там шмат хлуслівай інфармацыі. То бок, праўда толькі тое, што яны сачылі за ўкраінскімі дыпламатамі і паказвалі фота з ператрусу ў нашай хаце.

Ад Дзяніса Івашына ўжо больш за паўгода няма аніякіх лістоў да сям´і і адзіныя звесткі, якія даходзяць да жонкі і маці Дзяніса – гэта тое, што можа паведаміць адвакат, які знаходзіцца пад падпіскаю аб неразгалошванні справы.