1 красавіка прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб зняцці абмежаванняў на перасячэнне мяжы. Дакумент набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання, паведамляе прэс-служба ўрада.

Для грамадзян Беларусі і іншаземцаў здымаюцца абмежаванні на перасячэнне граніцы ў наземных пунктах пропуску.

Пастанова рэгулюе ўмовы вызвалення замежнікаў ад прадстаўлення ПЦР-тэстаў пры ўездзе ў Беларусь.

Абмежаванні на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску дзейнічалі са снежня 2020 года.

Дзяржпагранкамітэт удакладняе, што абмежаванні здымаюцца з 3 красавіка. Грамадзяне Беларусі змогуць уязджаць і выязджаць з краіны без ПЦР-тэсту і сертыфіката аб вакцынацыі. Іншаземцам і асобам без грамадзянства для ўезду ў Беларусь неабходна мець ПЦР-тэст або сертыфікат аб вакцынацыі.

Іншаземцам, якія ўязджаюць у Беларусь з-за сітуацыі ва Украіне, а таксама грамадзянам Расеі, якія ўязджаюць праз расейска-беларускую мяжу, тэст і сертыфікат не патрабуюцца, паведамляе reform.news.