Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на бягучы месяц

1 красавіка

Міжнародны дзень жартаў.

Міжнародны дзень птушак.

465 гадоў таму (1557) – У ВКЛ прынятая “Устава на валокі” – асноўны дакумант Вялікай аграрнай рэформы.

160 гадоў таму (1862) – У мяст. Халапенічы (Крупскі р-н) нарадзіўся (паводле іншых зьвестак 6 красавіка) Адам Багдановіч, беларускі этнограф, бацька Максіма Багдановіча.

145 гадоў таму (1877) – У в. Дабрасельцы (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Васіль Захарка, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР з 1928 па 1943 гг.

2 красавіка

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

4 красавіка

465 гадоў таму (1557) – У маёнтку Астроўна (Бешанковіцкі р-н) нарадзіўся Леў Сапега, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, канцлер, магнат. На Гарадзеншчыне валодаў Слонімскім староствам, Каменкай (Шчучынскі р-н).

340 гадоў таму (1682) – Памёр Міхал Казімір Пац, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. Валодаў Геранёнамі.

6 красавіка

25 гадоў таму (1997) – У Гародні адбыўся міжнародны рок-фэст “Губерталіі альбо рок-сустрэчы пры старым Каралеўскім Тракце”.

7 красавіка

Сусьветны дзень здароўя.

8 красавіка

90 гадоў таму (1932) – У мяст. Нягневічы (Наваградзкі р-н) адбыўся збройны выступ сялян, быў разгромлены паліцэйскі пастарунак.

10 красавіка

Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлагероў.

11 красавіка

15 гадоў таму (2007) – У Гародні памёр Валеры Задаля, беларускі журналіст, грамадзкі дзеяч. Жыў і працаваў у Наваградку, Ваўкавыску, Гародні. Пахаваны на могілках каля стан. Аульс пад Гародняй.

12 красавіка

25 гадоў таму (1997) – Гарадзенскі “Камунальнік” (галоўны трэнер Анатоль Паняшын) стаў пераможцам 6-га мужчынскага валейбольнага чэмпіянату краіны. Першы такі поспех гарадзенцаў.

13 красавіка

15 гадоў таму (2007) – У ЗША памерла Юзэфа Тарасевіч, дзяячка беларускай грэка-каталіцкай царквы ў ЗША. Пахаваная на могілках бенедыкцінскага кляштара Сьв. Пракопа ў Лайле, штат Ілінойс. Нараджэнка в. Клешнякі (Шчучынскі р-н).

14 красавіка

315 гадоў таму (1707) – Памёр Тодар Абуховіч (нар. у 1642 г. у в. Дорагава, Карэліцкі р-н), дзяржаўны, вайсковы дзеяч ВКЛ, мемуарыст.

15 красавіка

170 гадоў таму (1852) – У Парыжы памёр Тадэвуш Тышкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, удзельнік паўстаньняў 1794 і 1830 гг. З 1813 г. жыў у Сьвіслачы.

16 красавіка

75 гадоў таму (1947) – У Коўне памёр Антон Дамброўскі, беларускі грэцка-каталіцкі дзеяч, філосаф, тэолаг. З 1925 г. працаваў у Альбярціне і Сынковічах.

18 красавіка

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін.

175 гадоў таму (1847) – У Вільні памёр Станіслаў Юндзіл, прыродазнавец, дасьледнік расьліннага і жывёльнага сьвету Беларусі. Нараджэнец в. Ясенцы. Пахаваны на Бернардынскіх могілках у Вільні. Нейкі час лічылася, што на касьцельнай тэрыторыі мястэчка Нача (Вараноўскі р-н).

135 гадоў таму (1887) – У мяст. Турэц (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Анатоль Дзяркач (сапр. Анатоль Зімёнка), беларускі паэт, сатырык, гумарыст.

70 гадоў таму (1952) – За адну ноч з Заходняй Беларусі на ўсход СССР вывезьлі 1683 сям’і, якія былі абвінавачаныя ў “варожай дзейнасьці супраць калгасаў”.

19 красавіка

420 гадоў таму (1602) – Памёр Ян Абрамовіч, лідзкі стараста, пры якім Ліда атрымала гарадзскі герб і Магдэбургскае права.

115 гадоў таму (1907) – У в. Вялікая Кракотка (Слонімскі р-н) нарадзіўся Рыгор Акулевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, актывіст Грамады і ТБШ, дзеяч эміграцыі ў Канадзе (Федэрацыя рускіх канадцаў).

20 красавіка

95 гадоў таму (1927) – У Гародні ў Старым замку пачаўся чэмпіянат гораду па шахматах.

21 красавіка

120 гадоў таму (1902) – У в. Ясянёўка (Беласточчына) нарадзіўся Вацлаў Пянткоўскі, каталіцкі сьвятар, асьветнік. Перад другой сусьветнай вайной служыў прэфектам наваградзкай гімназіі.

23 красавіка

365 гадоў таму (1657) – У Кіеве памёр Сільвестар Косаў (нар. у кан. 16 ст. у маёнтку Жаробычы, Шумілінскі р-н), праваслаўны царкоўна-грамадзкі дзеяч, пісьменьнік, публіцыст.

25 красавіка

50 гадоў таму (1972) – У г. Самэрсэт (ЗША) памёр Віктар Войтанка (у эміграцыі Віктар Васілеўскі), дзеяч самакіраваньня, БКА, у 1943 г. працаваў лекарам у Слоніме, медык, праваслаўны сьвятар, дзеяч эміграцыі. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (ЗША).

15 гадоў таму (2007) – У Гародні памерла Часлава Семяновіч, актывістка грамадзка-палітычных арганізацый у Гародні, сябра КХП БНФ. Пахавана на могілках па прасп. Касманаўтаў.

26 красавіка

Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986).

160 гадоў таму (1862) – У Вільні пасьля сібірскай катаргі памёр Аляксандар Далеўскі, адзін з ствараньнікаў Братняга зьвязу літоўскай моладзі, удзельнік вызвольнага руху. Нараджэнец фальв. Кункулка (Лідзі пав.).

27 красавіка

105 гадоў таму (1917) – У Варшаве памёр Лазар Замэнгоф, лекар, вынаходнік мовы эсперанта, які нарадзіўся ў Беластоку і пэўны час жыў у Гародні.

100 гадоў таму (1922) – У в. Запольле (Наваградзкі р-н) нарадзілася Яўгенія Шастак, беларуская грамадзкая дзеячка, лекарка, вязень ГУЛАГУ.

75 гадоў таму (1947) – У Менску памёр Валянцін Таўлай, беларускі паэт, дзеяч заходнебеларускага руху. У 1920-21 гг. з бацькамі жыў у Зэльве, вучыўся ў Вялікай Кракотцы і Слоніме, працаваў у Лідзе. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску.

30 красавіка

Сусьветны дзень пародненых гарадоў.

390 гадоў таму (1632) – Памёр Жыгімонт ІІІ Ваза, вялікі князь ВКЛ і кароль польскі ў 1587-1632 гг.

15 гадоў таму (2007) – У Слоніме памёр Васіль Супрун, беларускі паэт, краязнавец, археолаг, вязень ГУЛАГу. Нараджэнец в. Глоўсевічы (Слонімскі р-н). Пахаваны ў Слоніме.

5 гадоў таму (2017) – У Слоніме разам з жонкай забіты Леанід Богдан, беларускі скульптар. Пахаваны на Чапялёўскіх могілках у Слоніме.