Нарадзіўся Леў Сапега 4 красавіка 1557 года ў родавым маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці).  Належаў да старэйшай чарэйскай лініі магнацкага роду Сапегаў. Сын Івана, старосты дарагічынскага і падстаросты аршанскага і Багданы з Друцкіх-Сакалінскіх. Малалетнім яго аддалі на выхаванне ў Нясвіжскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які пазней выправіў 13-гадовага юнака атрымліваць адукацыю ў Ляйпцыгскі ўніверсітэт. Там перайшоў у кальвінізм, пра што напісаў потым у сваім тастамэнце. На Радзіму вярнуўся каля 1572 году.

Цягам свайго жыцця Леў Сапега займаў розныя высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім: 4 лютага 1580 году атрымаў пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласьці Сэфана Баторыя, а пасля складання перамір’я з Масковіяй стаў пісарам вялікім літоўскім (згадваецца на пасадзе ўжо 3 сакавіка 1581 году). Пасля адмовы Крыштапа Радзівіла Перуна ад пасады падканцлера быў прызначаны на гэтую пасаду 2 лютага 1585 году. 20 ліпеня 1586 году атрымаў прывілей на Слонімскае судовае староства пасля смерці Рыгора Валовіча. Гэтую пасаду займаў да 1605 году.

марка ў гонар Льва Сапегі

Пад канец варшаўскага пацыфікацыйнага сойму ў канцы красавіка 1589 году атрымаў ад караля Жыгімонта Вазы пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага, якую займаў да прызначэньня віленскім ваяводам. Прызначэнне на апошнюю пасаду атрымаў у 1623 годзе (вядома з намінацыі на канцлерства Вялікага Княства Літоўскага яго наступніка – Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які атрымаў намінацыйны прывілей на пасаду 6 лютага 1623 году). Захаваўшы пасаду віленскага ваяводы, каля 25 ліпеня 1625 году атрымаў прызначэнне на найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, займаў пасаду маршалка Галоўнага Трыбуналу ў 1604, 1624 і 1630 гадах.

На апошнім этапе Інфлянцкай вайны (1558-1583) атрымаў вядомасць як вайсковы дзяяч і дыпламат. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, паспяхова выявіў сябе ў бітвах пад Завалаччам, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову. Пасьля заканчэння вайны ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненне на 10 гадоў. У 1600-ым зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе зноў склаў мірнае пагадненне на 20 гадоў ужо з Барысам Гадуновым. Нягледзячы на тое, што паміж Масковіяй і ВКЛ частымі былі ваенныя і розныя дыпламатычныя сутыкненні і асабістыя адносіны Льва Сапегі да гэтай краіны не заўсёды былі дружалюбнымі, пасля смерці караля Стэфана Баторыя яго апанавала думка пра аб’яднанне Рэчы Паспалітай з Масквой. Аб’яднанне гэтых народаў і абранне імі адзінага манарха, на думку Льва Сапегі, спрыяла б росту іх эканамічнага і вайсковага патэнцыялу, забяспечыла б трывалы мір.

Калі ў 1620-ыя гады ў межы Вялікага Княства Літоўскага чарговы раз уварваліся шведы, браў удзел у ваенных дзеяннях, вылучыўшы на фінансаванне войска значную частку сваіх уласных сродкаў. Быў адным з ініцыятараў падпісання сепаратнага Балдэнмуйскага замірэння з Швецыяй 1627 году і Альтмарцкага міру, складзенага ў 1629 годзе.

Памятная манета ў гонар Льва Сапегі

Апошнія гады жыцця Леў Сапега правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся парадкаваннем архіваў Метрыкі ВКЛ (работу над рэгістрамі дакументаў архіўнага збору ён пачаў яшчэ ў 1594 годзе). Памёр і пахаваны ў Вільні ў касцёле Святога Міхала. У яго гонар у Беларусі выпушчаны адмысловыя марка і памятная манета, названы пляц у Слоніме, вуліца ў Мінску, у Лепелі пастаўлены помнік.

На Гарадзеншчыне Леў Сапега валодаў Слонімскім староствам, мястэчкам Каменка (Шчучынскі раён).

Помнік Сапегу ў Лепелі
Помнік Сапегу ў Слоніме