Ашмянскі раённы суд

4 красавіка 2022 года суддзя суда Ашмянскага раёна Віталь Казакевіч, пры ўдзеле дзяржабвінаваўцы Сяргея Кавальчука, пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Ашмянаў Ягора Багдзевіча. Ён абвіавачваецца ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса).

Сутнасць абвівачвання ў тым, што Ягор Багдзевіч з дапамогай спецыяльнага прыкладання зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя ці спявачкі мяняў на твар прэзідэнта. Затым у 20-ых чыслах жніўня і 1-ых чыслах верасня 2020 года размясціў ролікі ў гарадской групе месенджэра “Тэлеграм”.

Змест тых ролікаў можна лічыць гумарыстычным. Гэта можна было зразумець і з адказу абвінавачваемага на пытанне суддзі пра тое, з якой мэтай рабіліся ролікі. Адказаў, што з мэтай “разрадзіць абстаноўку”. Нікога пры гэтым абражаць не збіраўся.

Ягор Багдзевіч жанаты, мае дваіх дзяцей. Старэйшаму сыну 8 гадоў. Зараз жонка працуе, а ён знаходзіцца ў адпачынку па догляду за 2-гадовай дачкою. Тым не менш, дзяржабвінаваўца у спрэчках заявіў патрабаванне прызначыць пакаранне на 3 гады абмежавання волі з адбываннем у папраўчай калоніі адкрытага тыпу.

Прысуд будзе абвешчаны 5 красавіка а 10-00.