З музыкі Ігара Банцэра хочуць спагнаць грошы за прабыванне ў Віцебскай установе адкрытага тыпу за той час, калі ён знаходзіўся ў ШІЗА.

Грошы плануюць спагнаць з Банцэра праз суд. Ігар вельмі здзіўлены такім запрашэннем на судовае паседжанне:

– Гэта так скажам чарговы акт «Марлезонскага балету», калі казаць цытатамі з савецкіх фільмаў. Нічога новага. Чарговая позва прыйшла нечакана, не буду хлусіць. Не чакаў, што на мяне пададуць у суд, і пракурор Віцебкса ад імя папраўчай установы нумар 9 падаў у суд, каб з мяне спагнаць за пражыванне ў «спецагульнамяшканні» 81 рубель 66 капеек. Якая нечаканая сітуацыя.

Ігар Банцэр збіраецца ісці на суд без адваката, бо зараз сядзіць без грошай і лічыць, што можа абараніць сябе сам:

– У мяне грошай няма, гэта па-першае. З працай вельмі цяжка, не магу ўладкавацца на працу, у Беларусі фактычна чорная метка, калі ўжо прышылі ярлык палітвязня. Таму грошай няма, і сэнсу таксама не бачу – ну што адвакат дапаможа ў гэтай сітуацыі?

Ігар запрашае на суд, які адбудзецца 11 красавіка ў 14 гадзін у судзе Ленінскага раёну Гародні, што па вуліцы Даватара, гарадзенцаў.