Мужчыну судзілі за абразу Лукашэнкі ў 2020 годзе, а прызначылі 2,5 гады “хіміі” па новай рэдакцыі кодэкса.

Ашмянскі раённы суд

5 красавіка ў судзе Ашмянскага раёна абвешчаны прысуд у дачыненні да Ягора Багдзевіча, якога звінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддя Віталь Казакевіч, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў Сяргей Кавальчук.

Паводле абвінавачвання, Ягор Багдзевіч з дапамогай спецыяльнага прыкладання зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя ці спявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. На прыканцы жніўня і напачатку верасня 2020 года абвінавачаны размясціў ролікі ў гарадской групе ў тэлеграме.

У судзе Багдзевіч патлумачыў, што вырабляў і размяшчаў ролікі, каб “разрадзіць абстаноўку”, нікога абражаць не збіраўся.

Нягледзячы на тое, што абвінавачаны знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за сваёй 2-гадовай дачкой, пракурор палічыў віну Ягора Багдзевіча даказанай і прасіў суд пакараць яго трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Варта адзначыць, што злачынства, якое ставіцца ў віну Багдзевічу, было здзейсненанае да ўступлення ў сілу зменаў у Крымінальны кодэкс. Паводле папярэдняй рэдакцыі кодэкса, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 368 не можа быць прызначана больш за два гады абмежавання ці пазбаўлення волі. Менавіта на гэта звярнуў увагу суду Ягор Багдзевіч перад вынясеннем прысуду.

Аднак 5 красавіка суддзя Віталь Казакевіч палічыў Багдзевіча вінаватым і прызначыў яму пакаранне на 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хіміі”). Ягор намераны абскарджваць прысуд.