Неяк так склалася, што любячы падарожнічаць па розных краінах, у Расеі амаль не даводзілася бываць. У далёкім студэнцтве быў два тыдні на музейнай практыцы ў Пецярбургу, ды два месяцы ў так званым будаўнічым атрадзе ў ваколіцах Туапсэ, што ў Краснадарскім краі. Здаецца, малавата, каб рабіць нейкія высновы пра этнічна стракаты расейскі народ. Але служыў я ў савецкім войску ў далёкіх 1985-87 гадах. Пачаў успамінаць тых расейцаў, з якімі быў побач цягам значнага часу. Кажуць, што памяць пра даўно мінулае лепшая, чым пра апошні перыяд жыцця. Хіба так і ёсць. Прынамсі ўспомніў усіх і па імёнах-прозвішчах і па гарадах, адкуль яны былі. Служылі побач са мной расейцы з Масквы, Ленінграду (цяперашняга Пецярбургу), Віднага (падмаскоўны горад), Разані, Краснадару, Калініна (цяперашняй Цверы), Смаленшчыны, Тулы, Калінінграду – геаграфія досыць шырокая. З аднаго боку, хлопцы былі як хлопцы, з некаторымі нават сябраваў. Але пры ўсёй рознасці іх інтэлекту і адукацыі яднала іх адно – гэткае пагардлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў і народнасцяў. Прычым гэтая фанабэрыя была характэрна практычна для ўсіх, акрамя хіба аднаго студэнта філфаку Краснадарскага ўніверсітэту. Ні з кім з гэтых двух дзясяткаў «аднапалчанаў» ніколі больш не даводзілася сустракацца ці размаўляць. Але чамусьці маю трывалае пераканнне, што ўсе яны, цяпер ужо дзядзькі і нават дзяды за той «русскій мір», які нясе толькі вайну і страшныя разбурэнні іншым народам.

Гледзячы на тую прапаганду нянавісці і ксенафобіі, якая разгорнутая на расейскай інфармацыйнай прасторы цягам апошніх дваццаці гадоў, міжволі прыходзіш да адной катэгарычнай высновы – гэтая прапаганда папросту адпавядае спрадвечным і глыбінным «чаяниям» маскоўскага народу. І ня трэба больш шукаць разгадак «загадочности» таямнічай рускай душы, пра якую так шмат пісалі апошнімі стагоддзямі досыць таленавітыя пісьменнікі. Уся гэтая «загадочность» палягае ў тым, каб, даруйце за калямбур, загадзіць уласную зямлю і нагадзіць іншым народам. Уся гісторыя Расеі – гэта гісторыя захопніцкіх войнаў, гвалтаў, рабаванняў іншых краінаў. Расея – гэта імперыя, якая заўсёды вяла каланіяльныя войны, таму і цяперашняе яе ўварванне ва Украіну – толькі лагічны працяг бясконцага ланцужка. І тут варта звярнуць увагу на сённяшнюю празмерную персаніфікацыю зла. Гэта датычыць яскрава якраз Пуціна. Бо Пуцін – гэта не першапрычына зла, а толькі яго квінтэсэнцыя. Калі з мінулага гістарычнага часу паводле сацыялагічных апытанняў расейцам найбольш блізкі і дарагі Сталін, то зусім ня дзіва, што з’явіўся гэты Пуцін, ён проста быў запатрабаваны ў расейскім грамадстве, якое стамілася ад кіраўнікоў «з чалавечым тварам». Расею ж ужо ніхто не баяўся ў свеце: Гарбачова вінавацілі ў развале «велікой страны», а з алкаголіка Ельцына на Захадзе смяяліся. Таму і ўзнік у грамадстве запыт на такога Пуціна. У іх жа скрозь нацыянальнымі героямі лічыліся менавіта падобныя фігуры – Іван Жахлівы, Аляксей Міхайлавіч, Пётр Першы, Уладзімір Ленін, Іосіф Сталін. Таму такое масавае дзеянне гэбоўска-імперскай прапаганды – гэта найперш вынік самаачмурэння. Як пісаў іхны класік, хоць і з іншай нагоды, «Ах, обмануть меня не трудно!.. Я сам обманываться рад!».

Вось і ўся глыбіннасць рускага народу. Характэрна пазіцыя і Расейскай праваслаўнай царквы, якая цэлы час цвердзіла пра асаблівую духоўнасць рускіх. А зараз патрыярх РПЦ Кірыл выступіў за вайну. Успамінаю, як у час яго быцця мітрапалітам Смаленскім, любіў паслухаць тэлевізійныя пропаведзі гэтага царкоўнага іерарха. Чалавек бясспрэчна адукаваны і далёка не прымітыўны, але які, стаўшы патрыярхам, фактычна паставіў царкву на службу і абслугоўванне імперскай дзяржавы. Зараз патрыярх Кірыл патасна заявіў пра абарону Расеі (як быццам гэта на яе нехта напаў!), блаславіў рускіх салдат на вайну і ніяк не адрэагаваў на ваенныя злачынствы расейскіх акупантаў супраць мірнага насельніцтва ў Марыупалі, масавыя забойствы і здзекі з жыхароў Кіеўскай вобласці.

Ясна выразна адно – расейская імперыя развальваецца і канае, але здольная яшчэ нарабіць многа зла. А ахвяраў самаачмурэння зусім не шкада.

Уладзімір Хільмановіч