Стала ведама, што з наступнага навучальнага года польскія школы ў Гародні і Ваўкавыску пераводзяцца на расейскаскамоўнае навучанне. Такім чынам працэс татальнай русіфікацыі адукацыі на Гарадзеншчыне завяршаецца.

У польскай школе № 36 у Гародні 5 красавіка ўвечары адбыўся сход бацькоў, на якім кіраўніцтва паведаміла, што з наступнага навучальнага года вучні будуць вывучаць усе прадметы на адной з дзвюх дзяржаўных моў Беларусі – расейскай і беларускай. Афіцыйна ідзе спасылка на зменены закон аб адукацыі, які не прадугледжвае выкладання на мове нацыянальных меншасцяў. Фактычна ж гэта азначае, што ўсё навучанне ў гэтай школе будзе выключна па-расейску. Лёс кіраўніцтва школы і настаўнікаў, якія па па 15-25 гадоў працавалі ў гэтай школе з польскай мовай навучання, пакуль невядомы. Хутчэй усяго лепшых педагогаў пазвальняюць.

Тое ж сама чакае і польскую школу ў Ваўкавыску.

Бягучы навучальны год будзе таксама апошнім, які завяршаецца іспытамі па польскай мове. Назва школы «з польскай мовай навучання» з’явіцца на польскіх атэстатах апошні раз. З наступнага года школы ў Гародні і Ваўкавыску зменяць назвы.

У Гародні ў школе навучаецца каля 620 вучняў, у Ваўкавыску – 250.

Бацькі гарадзенскіх вучняў склалі пісьмовы зварот да аддзелу адукацыі, але няма ніякіх шанцаў, што чыноўнікі прыслухаюцца да бацькоў.