У Гародні працягваецца палітычны пераслед за 2020 год. Чарговага гарадзенца будуць судзіць за знявагу службовай асобы, якое ён нібыта здзейсніў яшчэ ў траўні 2020 года.

14 лютага бягучага году Гарадзенскі міжраённы аддзел следчага камітэту пачаў крымінальную справу паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу за каментар з нібыта абразай супрацоўнікаў “праваахоўчых органаў”. Пра гэта паведамляе сайт органу МУС.

Пад суд падпаў жыхар Гародні, які не працуе. Яго імя не называецца. Паводле сцверджанняў міліцыянтаў ён “поддался влиянию деструктивных источников информации”, а пазней папрасіў прабачэння і раскайваецца ў тым, што здзейсніў.

Паведамляецца таксама пра тое, што следчыя маюць таксама інфармацыю пра іншыя факты “злачыннай дзейнасці” абвінавачанага. З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што працэс непазбежна скончыцца непрапарцыйна жорсткім прысудам.

Палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў на Гарадзеншчыне не спыняюцца ні на дзень.