15 гадоў таму, 11 красавіка 2007 года ў Гародні заўчасна памёр Валеры Задаля, беларускі журналіст, грамадзкі дзеяч.

Нарадзіўся Валеры Задаля 15 сакавіка 1953 года ў Клецку. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў карэспандэнтам клецкай раённай газеты, рэдактарам наваградзкай газеты “Новае жыццё”, намеснікам старшыні Тэлерадыёкампаніі Гродна. На гарадзенскім радыё і тэлебачанні спрыяў беларускамоўным журналістам, ствараў беларускамоўныя праграмы, некаторыя вёў сам.

Пасля змушанага звальнення з Тэлерадыёкампаніі напрыканцы 1990-ых гадоў працаваў у грамадскім аб’яднанні «Ратуша», потым (пасля закрыцця аб’яднання) у гарадзенскім аддзяленні Таварыства Беларускай Школы. Апошнія гады жыцця займаўся актыўнай і плённай грамадскай дзейнасцю: стварыў «Літаратурную гасцёўню», выдаваў і рэдагаваў шэраг лакальных спецыялізаваных газет, выдаў некалькі брашураў.

Памёр ад цяжкай хваробы на 55 годзе жыцця. Пахаваны на могілках каля станцыі Аульс пад Гародняй.