Украіна па-ранейшаму адна ваюе з сусветным агрэсарам. Паўтара месяца цяжкага абарончага і ўрэшце паспяховага змагання з боку таго, на каго напалі. Расейскія войскі адкінутыя па бальшыні кірункаў, зазналі вялізныя матэрыяльныя, тэхнічныя і людскія страты. Расея ліхаманкава шукае далейшых шляхоў вядзення вайны. Захад, ацаніўшы гераічную абарону ўкраінцаў і зразумеўшы, што агрэсар церпіць паразу, усё актыўней уключаецца ў дапамогу пацярпелай краіне. Пры тым НАТО і яго мяккацелыя кіраўнікі кшталту Столтэнберга пакуль так і не наважылася на эфектыўную дапамогу Украіне. Такія кароткія прамежкавыя вынікі 46 дзён гарачай фазы вайны азіяцкага агрэсара супраць мірнай вольналюбівай краіны.

Але Захад пакуль так і не зрабіў галоўнага – не закрыў неба, не перакрыў акваторыю Чорнага мора (гэтае другое было значна прасцей у рэалізацыі), і нарэшце трэцяе – не ўвёў нафта-газавае эмбарга ў дачыненні да Расеі. Тое, чаго найбольш баяўся Крэмль, пакуль не здарылася. Але і тых уведзеных санкцый хапіла, каб сур’ёзна напалохаць Маскву. Палітыка заходніх багатых краін апошніх больш чым дваццаці гадоў так разбэсціла крамлёўскую палітычную мафію, што яна не чакала нават такой рэакцыі ад заходняга свету і апынулася зараз у сапраўдным накдаўне і прастрацыі. Паразы на полі бою і страх перад чарговымі заходнімі санкцыямі змусілі крамлёўскую хунту адвесці войскі з некалькіх абласцей Украіны і пачаць перагрупоўку ўсіх сваіх сілаў.

Паралельна Еўразвяз нібыта шукае шляхоў да таго, каб спыніць вайну. Апошнія дні стала вядома, што канцлер Аўстрыі збіраецца паехаць у Маскву да Пуціна. Выданне «Kronen Zeitung» сцвярджае, што паездка Карла Нехамера ўзгодненая з федэральным канцлерам Германіі Олафам Шольцам і старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Але чаго паляцеў гэты аўстрыяцкі канцлер у Маскву? Наўрад ці для таго, каб змыць ганьбу сваіх папярэднікаў Карын Кнайсль і Себасцьяна Курца, якія гадамі ў экстазе супрацавалі і таньчылі з сваім маскоўскім фройндам Владимиром. Не верыцца нешта ў такое палітычнае пакаянне. Можа ён паляцеў, каб неяк зберагчы агульныя гешэфты і пастарацца вярнуць сітуацыю ў больш-менш ранейшае рэчышча…

Куды больш каштоўным і аптымістычным падаецца нечаканы візіт брытанскага прэм’ер-міністра Борыса Джонсана ў Кіеў і яго сустрэча з Уладзімірам Зяленскім. Ёсць спадзяванне, што Украіна атрымае ад Вялікабрытаніі больш цяжкую і сур’ёзную зброю наступальнага характару. Без такой зброі украінскаму войску ніяк не вызваліць усю сваю тэрыторыю ад захопнікаў. А пакуль будуць цягнуцца доўгія пазіцыйныя ваенныя дзеянні загіне яшчэ многа мірнага насельніцтва. Гібель тысячаў людзей, якіх забілі і закатавалі расейскія акупанты, таксама на сумленні многіх еўрапейскіх урадаў. Найперш Нямеччыны і Францыі. Ужо дакладна раскрытыя звесткі пра тое, што найбольш зброі Расеі, прычым пасля падзей 2014 года, ужо пасля захопу Масквой Крыма і часткі Данбасу, паставілі якраз нямецкі і французскі ўрады.

Не дзіва, што Меркель так змагалася і за запуск Паўночнага патока-2. Цяпер, як глядзіш на прэзідэнцкія выбары ў той жа Францыі, проста цяжка даць веры, што ўсе асноўныя прэтэндэнты на вышэйшую пасаду ў гэтай дзяржаве, фактычна прарасейскія. Праўда Макрон і Лё Пэн, якія выйшлі ў другі тур, зараз пераабуліся на хаду і адхрышчваюцца ад супрацы з Масквой, але ж, як кажуць, з ранейшых песняў словы не выкінеш і ўся гэтая дзейнасць у рэчышчы рэал-палітык ужо зафіксаваная ў гісторыі. Ну а прыдзе час і свет пабачыць яшчэ нямала дакументальных сведчанняў такой ганебнай супрацы.

Захад, ужо фактычна прызнаўшы ўсю нялюдскасць і ваенныя злачынствы расейскіх агрэсараў, дагэтуль не хоча прызнаваць, што Масква вядзе вайну на знішчэнне не толькі з непакорлівай імперскаму монстру Украінай, яна яе вядзе з усёй еўрапейскай цывілізацыяй. Гэтая вайна не проста за заваёву нейкіх асобных тэрыторый, ці краін. Гэтая вайна на знішчэнне. Ніякае мірнае суіснаванне больш немагчымае, пакуль агрэсар не будзе разгромлены.

Уладзімір Хільмановіч