
Больш за 25 праверак за месяц і забарона карыстацца прыбіральняй на вуліцы. Так жыхарка Іўя Рэгіна Лавор адбывае «палітычную хатнюю хімію». Гэта сведчыць пра асабліва рэпрэсіўны характар дзеянняў мясцовых сілавых і спецслужбаў.
Стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасні мінулага года асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». Яе звінавацілі ў абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара.
Жанчына распавяла пра тое, як яна адбывае «палітычную хатнюю хімію».
За сакавік да яе больш за 25 разоў прыходзілі з праверкай, чацвёрты месяц яна не можа атрымаць дазвол каб выехаць у горад Ліда і набыць матэрыялы для рамесніцтва — фактычна, Рэгіна не можа працаваць.
Ёй забаранілі наведваць касцёл і нават карыстацца прыбіральняй на вуліцы. На ўсе звароты ў РАУС, МУС жанчына атрымоўвае «адпіскі». Гэта яшчэ раз падкрэслівае ўсю нялюдскасць “праваахоўнай” сістэмы, створанай зараз у Беларусі.