У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 14 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе Андрэя Сцепаненкі, абвінавачанага ў абразе прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя  Уладзімір Пазняк, дзяржабвінаваўца – пракурор Вераніка Гур’янава.

Андрэя Сцепаненку затрымалі 2 лютага за значок з выявай “Пагоні” на заплечніку і не выпусцілі пасля адміністрацыйнага арышту – завялі крымінальную справу. Андрэя заключылі пад варту і змясцілі ў СІЗА турмы № 1 Гродна 17 лютага. Затым, 7 красавіка, мера стрымання ў дачыненні да яго была змененая на падпіску аб невыездзе. Аднак 12 красавіка ўзялі пад варту ізноў.

Сцепаненка – айцішнік, цікавіцца спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, канцэртамі. Да моманту затрымання працаваў вядучым інжынерам-праграмістам у Гарадзенскім упраўленні Міністэрства фінансаў. Адразу пасля затрымання быў звольнены з працы

На судовым пасяджэнні 13 кастрычніка было агучанае абвінавачанне:

Андрэй Сцепаненка маючы намер на публічную абразу прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі 11 жніўня 2020 года ў телеграм-чаце “Ліцэй 2002-2004 П/ Т”, наўмысна ў непрыстойнай форме размясціў выказванне ў дачыненні да прэзідэнта: “У гэтым ёсць нейкае лагічнае зярнятка. Але я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэй, важней якогасьці там вусатага …”.

Абвінавачаны на папярэднім следстве віну прызнаў цалкам, у судовым пасяджэнні часткова прызнаў, растлумачыў, што не ўсведамляў, што парушаў Закон і што гэта было публічна…

У судзе ён патлумачыў:

“Паведамленне было напісана 11 жніўня 2020, калі па ўсёй краіне былі размовы, што выбары сфальсіфікаваныя, што адбываюцца беспарадкі. Чат быў створаны і выкарыстоўваўся выпускнікамі ліцэя ў колькасці 10 чалавек для зносін і арганізацыі вечара сустрэч выпускнікоў. У чаце я паведамленне пісаў на прапанову пакінуць Беларусь у сувязі з тым, што мяне затрымлівалі напярэдадні, нягледзячы на тое, што я ні ў якіх пратэстных акцыях не ўдзельнічаў. Быў аштрафаваны. На фоне такога засмучэння, крыўды было напісана паведамленне”.

Патрэбна ўдакладніць, што Андрэя Сцепаненку 9 жніўня 2020 года, калі ён выйшаў проста пагуляць, затрымала міліцыя, змясціла ў СІЗА, потым далі штраф 15 базавых, якія ён аплаціў… Пазней у чаце нехта параіў яму з’ехаць з Беларусі ў Польшчу па палітычных матывах, ён адказаў, што з’язджаць не збіраецца і пры гэтым абразіў Прэзідэнта.

“Як сілавікі “выйшлі” на Сцепаненку

2 лютага Андрэй прымаў удзел у спаборніцтвах па многабор’і. На ўваходзе ў спортзал КДБ ахоўнік ўбачыў на заплечніку значок з “Пагоняй” і выклікаў міліцыю.

Яны агледзелі рэчы і  тэлефон. У адным з чатаў былі выяўлены абразы ў бок прэзідэнта. Сцепаненку затрымалі па арт. 24. 23 КаАП і прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Акрамя таго, 11 сакавіка яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па ч.2 арт. 19. 11 КаАП, нібыта за тое,  што ён спампаваў з ВК відэа гумарыстычнага зместу з лагатыпам Белсат, але на момант перасылкі Белсат яшчэ не з’яўляўся забароненым.

З ранейшага месца суду была прадстаўлена станоўчая характарыстыка, адвакат таксама далучыла станоўчую характарыстыку і 8 грамат і дыпломаў з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Дзяржабвінавачанне запрасіла для Андрэя Сцепаненкі 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля перапынку суддзя Уладзімір Пазняк агучыў прысуд: Андрэя Сцепаненку прызнаць вінаватым і прызначыць пакаранне – пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.