Больш месяца таму, калі пачалося ўварванне расейскага акупацыйнага войска ва Украіну, невядомыя пуцінскія прыхільнікі намалявалі на заводскім плоце ў горадзе Бярозаўка свой акупанцкі знак – свастыку ў выглядзе літары Z.

Характэрна, што акурат на гэтым месцы – адна з кропкаў стаяння аўтамабільнага міліцэйскага патруля, сквер каля гэтага месца час ад часу наведваюць камунальныя службы, на паркоўцы штодня паркуе свае машыны заводское начальства, а гарвыканкам знаходзіцца літаральна праз дарогу! І пры гэтым усе бачылі і ведалі, але аніхто нават пальцам не паварушыў, каб гэты знак імперскай агрэсіі быў замаляваны. Гэта выразна сведчыць пра характар і сутнасць мясцовай улады, якая гатовая выслужвацца перад расейскімі імперцамі-захопнікамі.

Мясцовыя людзі пад гэтым агрэсіўным знакам нават паставілі шыльдачку “Не вайне!”, намякаючы ўладам, што беларусы, супраць вайны. І што вы думаеце? Шыльда знікла, а свастыка засталася.

Але ўрэшце невядомыя патрыёты здзейснілі акцыю і перакрэслілі жоўта-сінімі колерамі гэтую расейскую свастыку, якой не месца ў беларускім горадзе Бярозаўка.