Юрысты “Вясны” праінфармавалі Спецыяльных дакладчыкаў ААН пра пагаршэнне здароўя каардынатаркі Валанцёрскай службы Марфы Рабковай у СІЗА-1 і недастатковае аказанне ёй медыцынскай дапамогі з боку адміністрацыі ўстановы.

Да спецдакладчыка па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў Мэры Лолар, спецдакладчыка па пытанні аб праве на здароўе Тлаленг Мафакенг і спецдакладчыка па пытанні аб страновішчы з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн даведзена, што Марфа Рабкова ўтрымліваецца ў СІЗА-1 амаль 19 месяцаў і за гэты час у яе значна пагоршылася здароўе.

Праваабаронца “Вясны” як мінімум двойчы страчвала прытомнасць, некалькі разоў хварэла на COVID-19, а апошнім часам Марфа адчувае болі ў жываце, а таксама ў яе запаліліся лімфавузлы на шыі. Аналізы крыві, зробленыя яшчэ ўвосень 2021 года, былі дрэннымі: выяўлены нізкі гемаглабін і прыкметы запаленчага працэса. Па выніках ультрагукавой дыагностыкі, праведзенай у сакавіку бягучага года, у малым тазе выяўленая вадкасць.

Акрамя таго, падчас УГД у шчытападобнай залозе дзяўчыны было выяўлена шмат ачаговых утварэнняў і кіст. Каб вызначыць характар гэтых новаўтварэнняў, неабходна правесці дадатковае абследаванне. Таксама ў Марфы Рабковой працягваюць разбурацца і крышыцца зубы.

Вядома, што нядаўна Марфа Рабкова пачала атрымліваць лячэнне ў СІЗА-1, але часткова. Дзяўчыне зрабілі аналізы на гармоны, а таксама пачалі ўнутрывенна даваць антыбыётыкі. Тым не менш, не прымаецца мер па даследаванню шчытападобнай залозы Марфы. Таксама ёй не даюць магчымасці прайсці лячэнне ў стаматолага ўжо 9 месяцаў. 

Нагадаем, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў выказала крайнюю занепакоенасць пагаршэннем стану здароўя Марфы Рабковай у турме і заклікала ўлады Беларусі неадкладна даць ёй доступ да адэкватнага і комплекснага медыцынскага лячэння. Яшчэ раней Amnesty International выступіла з заклікам звярнуцца да генеральнага пракурора Беларусі з патрабаваннем аб аказанні медыцынскай дапамогі Марфе.

У звязку са шматлікімі зваротамі ў Генеральную пракуратуру з нагоды пагаршэння здароўя Марфы, на сайце ведамства быў апублікаваны прэс-рэліз, у якім значылася, што пракуратура не збіраецца адказваць па сутнасці зваротаў, бо нібыта няма падстаў для іх разгляду.