Дзяніс Івашын — беларускі журналіст-фрылансер з Гародні, OSINT-выведнік, расследавальнік рэспубліканскага выдання «Новы Час» і міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm, палітвязень і фактычна ваеннапалонны ўжо 400 дзён беспадстаўна ўтрымліваецца пад вартай у Турме №1 Гародні. Станам на сёння вядома, што КДБ Беларусі яму інкрымінуе артыкул 365 («Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўнікаў нутраных органаў») і ч.1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») КК РБ. Аднак ніякіх следчых дзеянняў з ягоным удзелам, або працэсуальных дзеянняў з перадачай крымінальнай «справы» ў «суд» не адбываецца, нягледзячы на ўжо даўно «сабраную доказную базу» і прапагандысцкія відэа-ролікі на дзяржаўных каналах ТБ і заявы КДБ праз тэлеграм-каналы дзяржащных СМІ.

Пра змену меры ўтрымання Івашына ці завяршэнне фантасмагарычнага следства праз яўную надуманасць абвінавачанняў гаворкі таксама няма.

Апошняе, што вядома на дадзены момант: Дзяніса абінавачваюць у супрацы з украінскай выведкай, зборы нейкай інфармацыі, ледзь не сакрэтнага зместу, да якой гарадзенскі журналіст ніколі ня меў і ня мог мець аніякага доступу, і «дэструктыўнай працы ў інфармацыйнай прасторы на беларускім кірунку».

Паводле вартых даверу крыніцаў атрыманая інфармацыя пра тое, што днямі ў Дзяніса Івашына і шэрагу іншых палітвязняў супрацоўнікі турмы забралі ўсе раней атрыманыя лісты, пры гэтым некаторым пакінулі паштоўкі. Ані прычыны таго, нашто забіраюць ужо правераныя турэмным цэнзарам лісты, ані тэрмінаў новай праверкі ніхто не называў. Невядома наагул, ці вернуць карэспандэнцыю вязням.

Нагадаем, што Дзяніс Івашын болей чым паўгады не атрымлівае лістоў і паштовак ад родных, як і яны не атрымліваюць ніякую карэспандэнцыю ад журналіста. Аднак нечакана напрыканцы студзеня Івашыну перадалі шэраг віншавальных паштовак, дасланых беларусамі і з-за мяжы на Каляды і Новы Год. Таму заклікаем вас працягваць пісаць палітвязьню: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, ПУ «Турма №1», Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.

Падтрымаць Дзяніса вы можаце таксама, даслаўшы паштовы грашовы перавод на ягонае імя.