“Гарадзенская праваабарона” шчыра віншуе сваіх чытачоў, якія святкуюць Уваскрасенне Хрыстова паводле грыгарыянскага календара, з вялікім святам. Зычым вам вытрымкі, духовай моцы, святла хрысціянскай веры і здзяйснення жыццёвых памкненняў. Няхай Уваскрослы Збаўца падорыць усім сапраўдную волю і веру ў сілу праўды!

Хрыстос Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!

Верш Янкі Купалы “Хрыстос васкрос”

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасць,

Усё глядзіць смялей, святлей;

Вялікі мучальнік, здаецца,

Абняў ўсіх ласкаю сваей.

Хрыстос васкрос!.. Неугамонна

Плыве па нівах, пушчах клік,

Плыве адна святая думка

З канца ў канец, як свет вялік.

Хрыстос васкрос! — пяе сялянін

З сваёй убогаю раднёй,

Забыўшы песні аб прадвесні,

Забыўшы ўсё усёй душой.

Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,

Слуга, таптаная людзьмі;

Пяе ў чужыне падарожны,

Забыты бліжнімі сваймі.

Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,

Хрыста згубіўшыя сыны,

Што ўціхамоўку куюць путы

Для нашай беднай стараны.

Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,

І я ў дзень гэты просьбу шлю:

Хай Беларусь, мая старонка,

Ўваскрэсне к вольнаму жыццю!

1911 год