На юцюбе пад агульнай назвай “Ведай і барані свае правы” з’явілася новая серыя відэаролікаў, прысвечаных правам чалавека і іх абароне. Невялікія, прыблізна 6-7-хвілінныя адрэзкі (усяго іх дзесяць) сцісла і выразна расказваюць пра асноўныя паняткі правоў чалавека і іх асаблівасці. Надзвычай важна, што гэты праваабарончы вэб-курс, зняты на добрай беларускай мове, вядоўцы выдатна валодаюць матэрыялам і ў лёгкай натуральнай форме з выразнай дыкцыяй тлумачаць дэфініцыі і сутнасць тых ці іншых азначэнняў. Курс суправаджаецца ўдала падабраным тэматычным відэашэрагам, які дапамагае візуальна асэнсаваць тэзісы і сцверджанні, агучаныя вядоўцамі.

Кароткі відэакурс правоў чалавека асабліва карысны будзе тым, хто мае пачуццё абвостранай справядлівасці і мае памкненне стаць праваабаронцамі, але не зусім дакладна, альбо не да канца ўсведамляе сутнасць і спецыфіку такой дзейнасці. Новы вэб-курс раскладае многія істотныя і важныя рэчы «па палічках» і агулам стварае эфектыўны дапаможнік і для тых, хто ўжо займаецца абаронай правоў чалавека і для тых, што толькі ступіў на гэты шлях грамадскай дзейнасці.

Першая ўводная серыя робіць уводзіны ў гісторыю абароны правоў чалавека, пачынаючы са старажытнасці. Сярод іншага згадваюцца і нашы Статуты Вялікага Княства Літоўскага, якія заканадаўча закладалі і практычна фармавалі падмурак айчыннай абароны правоў чалавека. Тым самым змяняючы светагляд сярэднявечнага чалавека ў бок гуманізацыі і фармавання каштоўнасных арыенціраў, скіраваных на павагу да годнасці і вартасці кожнага асобнага чалавека.

Наступныя серыі маюць пераважна тэматычны характар, паказваюць эвалюцыю правоў чалавека ў пэўных галінах, тлумачаць іх універсальнасць і абавязковасць у сучасным цывілізаваным свеце. Расказваецца пра міжнародныя механізмы, інстытуцыі і структуры па абароне правоў чалавека. Раскрываецца сутнасць дачыненняў чалавека і дзяржавы і тое на чым яны мусяць грунтавацца. У 4-й серыі вэб-курсу расказваецца пра канкрэтныя 28 правоў чалавека, якія замацаваныя юрыдычна на міжнародным роўні і пераважная бальшыня якіх, на жаль, не працуе ў сённяшняй Беларусі, груба парушаецца дзяржаўнымі органамі і структурамі.

У 10-й серыі раскрываецца адрозненне грамадскай актыўнасці па абароне правоў чалавека ад палітычнай дзейнасці. Гэта асабліва актуальна ў сённяшняй Беларусі, дзе занятак праваабаронай прапагандысцкімі медыямі і нават следчымі органамі і судамі сведама блытаецца з палітычнай дзейнасцю.

У сучаснай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь фактычна адсутнічае базавы курс па навучанні правам чалавека, дамінуе ідэалогія культу дзяржавы, укараняецца грамадская мадэль падпарадкавання чалавека дзяржаўным механізмам, акцэнтуецца ўвага найперш на абавязках людзей, часта ідзе падмена паняткаў і іх сутнаснага напаўнення. У такой сітуацыі створаны ўдзельнікамі адукацыйны серыял з’яўляецца каштоўным альтэрнатыўным падыходам па навучанні правам чалавека, найперш моладзі. Ён дае магчымасць у лёгкай і зразумелай форме асэнсаваць асновы і прынцыпы дзеяння правоў чалавека, іх каштоўнасць і універсальнасць, стымулюе грамадскую актыўнасць людзей.

Добра было б, каб валанцёры творчай каманды, якія стваралі гэты карысны асветніцкі вэб-курс па правах чалавека, не спыніліся на дасягнутым і працягнулі сваю творчую працу.

Сайт з відэа, дзе можна прагаласаваць пра эфектыўнасьць і карысьць міні-фільмаў:
http://pravy.hyperphp.com