19 красавіка супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы з невядомай прычыны віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і Беларускага Незалежнага Прафсаюзу, гарадзенец і колішні працаўнік ААТ “Гродна-Азот” Сяргей Антусевіч, які ўжо пэўны час жыве ў Менску.

Пра сваё затрыманне і месцазнаходжанне Антусевіч паведаміў сам, патэлефанаваўшы позняй ноччу сваякам з СІЗА КДБ на Валадарцы.

Меркавана, затрыманьне ёсць эпізодам ва ўчорашняй серыі рэпрэсіяў супраць іншых прадстаўнікоў і актывістаў незалежных прафсаюзаў.

Так у Менску раніцай 19 красавіка адбыўся ператрус у Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ).

Сілавікі таксама зладзілі ператрусы і ў дамах чальцоў незалежных прафсаюзаў: у прыватнасьці, у Аляксандра Ярашука — старшыні БКДП, а таксама ў яго намесніка Сяргея Антусевіча. Імаверна, што зараз яны абодва знаходзяцца на Валадарцы.

Таксама быў ператрус і ў кватэры супрацоўніцы офіса БКДП, пасля чаго яе павезлі на допыт.

Ператрусы былі і ў старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларусі (СПБ) Мікалая Шараха ў Полацку. Спачатку сілавікі прыйшлі да яго дадому, а затым — у кватэру да дачкі прафсаюзнага лідара. Пасля ператрусу Мікалай Шарах таксама быў затрыманы.

Верагодна, рэпрэсіі супраць актывістаў руху незалежных прафсаюзаў могуць быць звязаныя з крызіснымі з’явамі ў эканоміцы Беларусі, выкліканымі як неэфектыўным кіраваннем з боку так званага Ураду, так і ўведзенымі краінамі ЕС, ЗША, Канады, Швайцарыі, Японіі ды інш. санкцыямі.

Некаторыя прадпрыемствы спыняюцца, шматлікія арганізацыі зачыняюцца, адпаведна скарачаецца аб’ём падаткаў у бюджэт, падае экспарт, узнікаюць праблемы з закупкай імпарту. У сувязі з усім гэтым выплаты заробкаў затрымліваюцца, працаўнікоў пераводзяць на скарочаны працоўны тыдзень або наагул звальняюць. Усё гэта можа падштурхнуць да хваляваньняў у шэрагах працоўных і падштурхнуць да стыхійных забастовак, якія маглі б арганізоўваць і ўзначальваць актывісты і кіраўнікі незалежных прафсаюзаў.

Таму чарговую хвалю рэпрэсіяў можна разглядаць як прэвентыўны ўдар рэжыма па сваіх патэнцыйных супраціўніках.

На першым плане Сяргей Антусевіч