Старэйшая праваабарончая арганізацыя «Вясна» ў Беларусі прызнаная экстрэмісцкай. Таму зараз «Вясна» знаходзіцца за межамі краіны, але працягвае працаваць і аказваць дапамогу тым, чые правы парушаюцца. Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з ведамай праваабаронцай Аленай Маслюковай.

РР: ПЦ «Вясна» 26-га красавіка спаўняецца 26 гадоў. Арганізацыю ўсе гады кіравання Лукашэнкі знішчалі, зараз арганізацыю прызналі экстрэмісцкай, а яе сямёра сяброў знаходзяцца за кратамі, уключаючы яе кіраўніка – Алеся Бяляцкага. Калі Вы даведаліся пра арганізацыю і сталі яе сябрам?

Алена Маслюкова: У 1996 годзе 26 красавіка дэмакратычная апазіцыя зладзіла «Чарнобыльскі шлях». І менавіта тады ўлады вельмі брутальна затрымлівалі людзей, апазіцыю, кідалі ў ІЧУ, СІЗА. Шмат людзей было рэпрэсавана. І менавіта праз гэтыя падзеі паўстала арганізацыя, якая называлася «Вясна-96». Як расказваў Алесь Бяляцкі, гэтая арганізацыя спачатку ўзнікла, каб аказваць дапамогу хаця б прадуктамі харчавання сем’ям, кармільцы якіх трапілі за краты. Але потым яе дзейнасць значна пашырылася. 15 чэрвеня 1999 года быў зарэгістраваны ўжо ПЦ «Вясна». А ў 2003 годзе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь разрэгістраваў арганізацыю. І гэта была помста за тое, што праваабаронцы пачалі ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі. І з таго часу «Вясна» была незарэгістраванай арганізацыяй. Але гэта абсалютна грамадская арганізацыя і яе дзейнасць вельмі актуальная для Беларусі. У 2015 годзе я стала кіраўніцай Светлагорскай філіі ПЦ «Вясна» і займалася яе кіраваннем да таго моманту, калі ўлады Беларусі аб’явілі нашую арганізацыю экстрэмісцкай. Гэтая аранізацыя косткай у горле стаіць уладам Беларусі. І мы самі ведаем, чаму.

РР: Кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі ўжо другі раз знаходзіцца за кратамі. Першы раз пасля выбараў 2010 года ён быў пазбаўлены волі на 4 гады, і ў 2021 годзе – пасля выбараў 2020 года. Чаму ўлады пераследуюць Алеся Бяляцкага?

Алена Маслюкова: Зараз 7 сябраў і валанцёраў «Вясны» знаходзяцца за кратамі. І заўважце такі факт – кожны раз узмацненні рэпрэсій супраць ПЦ «Вясна» пачыналіся пасля выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праваабаронцы развенчваюць той культ, які імкнецца ўзвесці Лукашэнка. І таму гэтая арганізацыя сапраўды для яго з’яўляецца непажаданай і пачынаюцца рэпрэсіі. Зразумела, што ўлады хацелі б мець маўклівы статак, а не грамадзянскую супольнасць. А ПЦ «Вясна» якраз такі стаяў на міжнародных пазіцыях адносінаў да правоў чалавека і супраць фальсіфікацыі выбараў і парушэнняў, якія дапускае ўрад Беларусі. Бо гэта помслівая ўлада, якая распраўляецца з праваабаронцамі. ПЦ «Вясна» – унікальная яшчэ тым, што гэта бадай адзіная праваабарончая арганізацыя ў Беларусі, якая мае філіялы ва ўсіх абласных цэнтрах, і нават раённых. І гэта разгалінаваная структура. І мы валодаем інфармацыяй з усёй Беларусі. І гэта таксама напружвала ўладу. Бо мы бачылі недахопы і злачынствы ўлады і мы іх фіксавалі. І даводзілі да ведама шырокай грамадзянскай супольнасці. Улады не хочуць, каб беларусы згуртаваліся, таму яны прымушаюць іх маўчаць, запалохваюць і тэрарызуюць фактычна ўвесь народ, усю Беларусь. І гэта абсалютна ненармальная сітуацыя.

Цалкам гутарка ў далучаным файле: