Жонка Дзяніса Івашына паведаміла пра тое, што УКДБ па Гарадзенскай вобласці прадставіў яе мужу разам з абаронцам магчымасць вывучэння сабраных следчымі так бы мовіць матэрыялаў крымінальных справаў супраць журналіста.

Адвакат па-ранейшаму забавязаны падпіскай пра неразгалошванне, таму не можа паведаміць сваякам ніякіх падрабязнасцяў або тэрмінаў разгляду справы ці перадачы матэрыялаў у суд. Але тых заяваў, артыкулаў і відэа-сюжэтаў, якія былі выкладзеныя ў афіцыйных сродках массавай прапаганды напрыканцы сакавіка бягучага году, на дадзены момант дастаткова, каб мець поўнае ўяўленне і скласці сваё меркаванне наконт абгрунтаванасці высунутых Івашыну абвінавачанняў.

Як заўважыла Вольга Івашына, іх самых не асабліва цікавіць тое, што ў сваіх паперах пішуць следчыя і нават суддзі, лёс Дзяніса і тысячаў беларускіх палітвязняў усё роўна вырашаецца і будзе вырашацца не ў судовай залі.

Вольга Івашына бачыць тры магчымыя варыянты вызвалення мужа:

1) абмен Івашына як ваеннапалоннага на расейскіх ваенных злачынцаў;

2) гандаль палітвязнямі, які можа пачаць рэжым Лукашэнкі ў межах сепаратных перамоваў з Захадам дзеля скасавання ўведзеных эканамічных санкцыяў;

3) вызваленне самой Беларусі з-пад акупацыі, што выратуе ня толькі Дзяніса Івашына, але ўсіх закладнікаў рэжыма Лукашэнкі і Пуціна ў Беларусі.