25 красавіка 2007 года, 15 гадоў таму ў Гародні не стала Чаславы Семяновіч, актывісткі грамадзка-палітычных арганізацый у Гародні, сябры Кансэрватыўна Хрысціянскай Партыі БНФ. Пахавана на могілках па праспекце Касманаўтаў.

Нарадзілася Часлава Семяновіч (дзявочае прозвішча Садоўская) на Смаргоншчыне 23 лютага 1930 года. Бальшыню свайго жыццёвага шляху прайшла ў Гародні.

Часлава Антонаўна была для гарадзенцаў прыкладам самаахвярнасці, яна была шчырай хрысціянскай верніцай і незаменным чалавекам у зборы подпісаў пад рознымі грамадскімі зваротамі.

Зянон Пазьняк так напісаў пра Чаславу Семяновіч у 2007 годзе:

“Змагарная беларуска надзвычайнай шчырасьці, надзейнасьці і перакананьня. Часлава Антонаўна моцна любіла Беларусь сваім шчырым сэрцам. Гэтая яе сардэчная любоў да Бацькаўшчыны, шчырасьць, справядлівасьць і пабожны розум дазвалялі ёй беспамылкова арыентавацца ў складаных перэпетыях палітыкі і дачыненьняў, бо крытэрыем была Беларусь і справядлівасьць дзеля Беларусі.

На такіх людзях як Часлава Антонаўна заўсёды трымаецца моцная і праўдзівая ідэя, бо яны здольныя ахвяравацца дзеля яе. Змаганьне без такіх людзей, часам сьціплых і непрыкметных, — мёртвае. Яны, такія людзі, надаюць яму сацыяльны грунт і грамадзкую сілу.

Я ведаў Чаславу Антонаўну асабіста, ня раз з сябрамі-фронтаўцамі бываў у Гародні ў яе гасьцінным доме. Добрая памяць пра яе застанецца ў мяне назаўсёды. Няхай жа хораша будзе ёй на тым сьвеце. Няхай убачыць адтуль дарагую нашу Беларусь вольнай моцнай і дасканалай. Хай будзе спакой яе шчырай і вернай душы…”.