У Менскім гарадскім судзе 25 красавіка пачаўся суд над адразу дзесяцьмі палітзняволенымі — каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранецам, Андрэем Марачом, Данілам Чулем.

“Суд з’яўляецца часткай рэпрэсіўнага апарата”. Як пачаўся працэс над палітвязнямі?

Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівае пракурор Андрэй Бугук. Старшыняваў па справе суддзя Сяргей Хрыпач, народныя засядацелі — Сіўцова і Куляшова. Адразу на суд пусцілі ўсіх жадаючых — каля 45 чалавек. Перад залай суда, дзе судзілі палітвязняў, не было рамак аховы. Марфа Рабкова на судзе была ў сімвалічнай майцы “Добі вольны эльф“. Прысутныя адзначылі, што яна вельмі схуднела за час зняволення, выглядае стомленай і бледнай. На суд з’явілася толькі прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка ад “Белтэлерадыёкампаніі” Дудзінская, астатнія не з’явіліся.

Суддзя, заслухаўшы меркаванне ўсіх удзельнікаў працэсу, забараніў на пасяджэнні ажыццяўляць фота і відэаздымку.

На судзе Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец і Аляксандр Казлянка адмовіліся ўставаць, калі прадстаўляліся суду. Суддзя спытаў у Францкевіча, чаму ён не ўстае, той адказаў:

“Не бачу сэнсу — і так сядзім”.

Калі Павел Шпетны назваў дату нараджэння — 25 красавіка — то суддзя павіншаваў яго З Днём Нараджэння.

“У вас сёння Дзень нараджэння? Віншуем Вас!”, — сказаў Сяргей Хрыпач.

Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч і Аляксандр Казлянка сказалі, што не бачаць сэнсу заяўляць адвод. На працэсе толькі Андрэй Чапюк заявіў адвод суддзі Сяргею Хрыпачу:

“Я двойчы падаваў заяву ў суд аб тым, што па заканчэнні з папярэднім следствам я не змог азнаёміцца з часткай крымінальнай справы, а менавіта, з аўдыё- і відэазапісамі. Калі падаваў хадайніцтва, то мне было адмоўлена ў азнаямленні.

У матэрыялах справы 160 тамоў. Пры гэтым, майму абаронцу не было прадастаўлена магчымасці фатаграфаваць. Гэтыя абставіны паказваюць на тое, што суддзя яшчэ да суда парушае маё права на абарону. Дадзеная сітуацыя дае мне права і падставу лічыць, што суддзя асабіста, прама і ўскосна зацікаўлены ў зыходзе гэтай крымінальнай справы”.

Гаеўскі-Ханада падтрымаў дадзенае хадайніцтва Чапюка, бо лічыць, што “суд з’яўляецца зацікаўленым бокам і, у першую чаргу, таму што суд з’яўляецца часткай рэпрэсіўнага апарата дзяржавы і зацікаўлены ў тым, каб пераследваць актывістаў, іншадумцаў…” Далей Хрыпач перапыніў яго.

Хадайніцтва палітвязня падтрымалі таксама Галаўко, Дранец, Казлянка, Марач, Рабкова, Францкевіч, Чуль, Шпетны.

У выніку, параіўшыся з народнымі засядацелямі ў дарадчым пакоі, суддзя Сяргей Хрыпач адмовіў у адводзе яму.

Пасля гэтага пракурор Андрэй Бугук заявіў хадайніцтва аб слуханні судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме, паколькі “ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці”.

Усе палітвязні і іх абаронцы былі супраць закрыцця працэсу. Мікіта Дранец сказаў:

“Мы супраць, але зыход мы ўсе ведаем”.

Марфа Рабкова заявіла:

“Катэгарычна супраць”.

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка

Адвакаты палітвязняў падтрымалі сваіх падабаронных. Вялікую прамову за правядзенне судовага разбору ў адкрытым рэжыме вымавіў абаронца Гаеўскага-Ханады Віктар Мацкевіч:

“Я супраць заяўленага хадайніцтва аб закрыцці судовага паседжання, якое было прапанавана дзяржабвінавачаннем па наступных меркаваннях.

Галоснасць судова разбору з’яўляецца адным з асноўных прынцыпаў крымінальнага працэсу. У адпаведнасці з артыкулам 114 Канстытуцыі, ч. 1 арт. 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса разгляд крымінальных спраў ва ўсіх судах адкрыты. Разгляд справаў у закрытым судовым пасяджэнні ажыццяўляецца ў выпадках, прадугледжаных законам, з захаваннем усіх правілаў судовай вытворчасці.

Права абвінавачанага на публічнае разбіральніцтва справы незалежным і бесстароннім судом — адно з асноўных правоў чалавека, прадугледжаных артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў сілу п. 4 арт. 1 КПК з’яўляецца міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь, які вызначае правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, у крымінальным працэсе прымяняюцца разам з гэтым Кодэксам (КПК).

Публічнае слуханне забяспечвае транспарэнтнасць вытворчасці і тым самым служыць важнай гарантыяй інтарэсаў асобных асоб і грамадства ў цэлым. Суды маюць права не дапускаць ўсю публіку або яе частку па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суду, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасьць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі (Заўвага агульнага парадку № 32, CCPR/C/GC/32, 23 жніўня 2007 года).

Таму, Высокі суд, я супраць заяўленага хадайніцтва”.

Прысутныя ў зале гучна заапладзіравалі адвакату. Канваіры пачалі папярэджваць некаторых аб парушэнні грамадскага парадку. Затым суддзя зрабіў заўвагу аб паводзінах у зале суда:

“Пасля такога інцыдэнту будзеце выдаленыя з залы, таму што вы перашкаджаеце слухаць справу. Не трэба тут ладзіць спектакль”.

У выніку, суддзя, параіўшыся на месцы, задаволіў хадайніцтва пракурора і вырашыў закрыць суд па справе дзесяці палітзняволеных. Усіх прысутных выгналі з залі суда.

Што вядома па справе?

Палітвязняў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранеца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах — “Революционное действие”, “Народная самооборона”, “Революцiйна дiя”,  і судзяць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы «Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя» МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, негледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).

Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрага “арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі”.

“Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся “общаки”, была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, — заявіў СК.

У выніку, дзесяць палітзняволеных у залежнасці ад ролі і эпізодаў агулам абвінавачваюцца па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) — Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 293 (навучанне асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) — Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыяй) — Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Данііл Чуль.
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за “Марш недармаедаў” 5 сакавіка 2017 года) — Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за перакрыцце трасы М1 на выездзе з горада Берасця ў 2018 годзе) —Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Казлянка, Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Данііл Чуль.
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 130 — Аляксандр Францкевіч;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў рэкламныя шчыты ДАІ ў 2016 годзе і за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТРК у 2016 годзе) — Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за дымавую шашку, кінутую ў будынак брэсцкага ГУБАЗіКа ў 2016 годзе) — Павел Шпетны, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада.
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (першамайскае графіці ў Брэсце ў 2020 годзе) — Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада.
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) (падпал гомельскай падатковай інспекцыі і рэкламнага шчыта ўпраўлення прымусовага выканання пакарання ў Івацэвічах у 2017 годзе) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова.

Па інфармацыі Аляксандра Казлянкі, па справе з дзесяці чалавек — восем адмовіліся даваць паказанні.

У асобную вытворчасць вылучана крымінальная справа ў дачыненні тых, хто з’ехаў за мяжу – Дзмітрыя ЛяўчукаАртура КандратовічаРамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама «неўстаноўленых асобаў».