Слабенькія, але загадзя марныя надзеі на тое, што ў велікодны перыяд вайна, якую вядзе Расея супраць Украіны і фактычна ўсяго заходняга свету, спыніцца, прадказальна не спраўдзіліся. Войны толькі пачынаюцца хутка, нават маштабныя, але канца ім дамагацца доўга. Гэта як з пажарам, які можа узнікнуць з адной іскры і спаліць цэлы горад. А гэтая вайна можа стаць апошняй у гісторыі маскоўскай імперыі, якая пяцьсот гадоў не дае спакою і мірнага развіцця ўсім суседзям і цэлай Еўропе. Што робіць яе не проста гістарычнай, а эпахальнай і лёсавызначальнай.

Другая стадыя ваеннай агрэсіі Расеі ва Украіну характэрная кардынальнай зменай пастаўленых захопнікамі заданняў. Пацярпеўшы жорсткую няўдачу на першым этапе, які планаваўся як адзіны і як лёгкая перамога, пуцінская ваенная хеўра пераарыентавалася на захоп усходняй часткі Украіны, каб падрыхтаваць свой традыцыйны парад на 9 мая і скарміць піплу чарговую «вялікую перамогу». Цяпер і гэтыя планы акупантаў не выглядаюць рэальнымі. Гераічная абарона ўкраінскага рэгулярнага войска і фармаванняў тэрытарыяльнай абароны ламае планы Крамля на вачах. І гэта стварае яшчэ большую пагрозу прымянення ядравай ці хімічнай зброі агрэсарам. Бо ўсё больш становіцца зразумелым – у «звычайнай» вайне Маскве не перамагчы, яна непазбежна пойдзе на дно як аднайменны флагманскі крэйсер у глыбіню Чорнага мора. Відавочна мяняецца і рыторыка расейскіх дзяржаўных прапагандыстаў, некаторыя з іх ледзь не кардынальна, прынамсі істотна, памянялі свае заклікі. Але цяжка захаваць прыстойны твар, калі рукі па локаць у крыві. Рэпутацыю не адмыеш у пральнай машыне.

Тым больш, што Захад, уражаны нязломнасцю ўкраінцаў, урэшце пачынае пастаўляць Украіне цяжкую зброю. У авангардзе тут ідзе Вялікабрытанія, якая, здаецца, нарэшце ўспомніла як яна адна адбівалася ў 1939-1940 гадах ад фашыстоўскай Германіі. Борыс Джонсан праўдападобна арыентуецца на палітычны стыль Уінстана Чэрчыля, а не Нэвіла Чэмберлена, які ў свой час вёў ганебную лінію неўмяшання, залагоджвання Гітлера і замірэння дыктатара. Чым скончылася тая канфармісцкая і згодніцкая лінія – усім добра, дакладней сумна вядома. Апошні тыдзень усё больш інфармацыі і пра дапамогу Украіне з боку іншых еўрапейскіх дзяржаў – Нарвегіі, Чэхіі, Нідэрляндаў, Румыніі, многіх краін кантыненту. Вялікая ўкраінская дыяспара актывізавала і Канаду. Ну а першымі і абсалютна паслядоўнымі ў справе асуджэння заваёўніцкай агрэсіі Расеі і рэальнай дапамозе Украіне былі і застаюцца Польшча, Літва – тыя дзяржавы, якія далі прыклад моцным гэтага свету. І маленькая Эстонія давала і дае такія прыклады.

Нават урады «чэмберленскіх» Германіі і Францыі, як найбольшых вінаватых у справе разбэшчвання Пуціна і патурання яму ва ўсіх сферах, змушаны карэктаваць сваю палітыку. Тое, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра нежаданне бачыць у Кіеве прэзідэнта Нямеччыны Штайнмаера, выклікала шок у пэўных колах, робіць сапраўдны пераварот ва ўсёй палітычнай сведамасці кантыненту – як уласна палітычных эліт, так і тых, хто выбірае кіраўніцтва дзяржаў. Выступы Зяленскага, іншых прадстаўнікоў афіцыйнага Кіева і іх звароты да еўрапейскай і сусветнай супольнасці становяцца ўсё больш моцнымі. Ад адчайных просьбаў у першы тыдзень абарончай вайны Украіна спакваля перайшла да цвёрдых патрабаванняў і яна мае на гэта поўнае маральнае права. Бо менавіта Украіна сёння і найбольш яе паслядоўныя саюзнікі вяртаюць нам «скрадзеную» сапраўдную Еўропу, тыя каштоўнасці, якія фармавалі і складалі сутнасць нашай цывілізацыі.

Калі вайна скончыцца поўнай паразай агрэсара, нас імаверна чакае новая гістарычная Версальская мірная дамова, новая Патсдамская канферэнцыя. І галоўнымі на ёй будуць Украіна, Вялікабрытанія і ЗША. Роля ЗША ў гэтай вайне асаблівая, неадназначная і пра яе трэба гаварыць асобна. Безумоўна ўзмацняць свае геапалітычныя пазіцыя Кітай і Турцыя, напэўна зменяцца межы і ўжо звыклы расклад сілаў. Але пакуль ідзе вайна…

Уладзімір Хільмановіч