Больш за 400 дзён знаходзіцца за кратамі журналіст-расследвальнік, гарадзенец, Дзяніс Івашын. Палову гэтага тэрміну ён не атрымлівае лістоў. Інфармацыі пра палітвязня ёсць мала, але вядома, што ён разам з адвакатам пачаў знаёміцца з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы.

„Госць Рацыі” жонка Дзяніса Івашына Вольга Івашына.

РР: Прыгадаем, што фігуруе два асноўных артыкула. Першы з іх тычыўся ўмяшання ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў, пазней дадалася здрада дзяржаве. І яшчэ недзе ў сакавіку праваабаронцы паведамілі, што нібыта Камітэт дзяржаўнай бяспекі таксама абвінавачвае Дзяніса Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

– Гэта ўсё ў межах часткі 1 артыкула 356 (здрада дзяржаве).

РР: Гэта ўсё ў межах аднаго артыкула?

– Абвінавачваюць яго па двух артыкулах.

РР: Ці ёсць нейкія навіны ад Дзяніса?

– Так, лістоў па-ранейшаму не перадаюць. Апошнія навіны, гэта тое, што ў 20-х чыслах сакавіка выставілі ўсе гэтыя абвінавачванні. Пасля гэтага ўжо пачалі знаёміць з крымінальнай справай. Абаронцы Дзяніса, Дзяніс маюць магчымасць прачытаць безліч тамоў, якія яны там панапісвалі за гэты час – больш за год. Можна толькі здагадвацца, што там напісана. Паводле таго, што яны паказалі ў сакавіку, то можна проста пасмяяцца пачытаўшы гэтыя выдумкі. Нічога там такога не прыдумалі і тым больш не знайшлі доказаў сваім прыдумкам. Быў загад арыштаваць Дзяніса, перашкодзіць яго журналісцкай дзейнасці, яго расследванням. Яны гэта зрабілі, а цяпер проста афармляюць.

РР: Азнаямленне са справамі наводзіць на думку, што суд хутчэй бліжэй, чым далей.

– Наконт суда гэта ўвогуле было досыць забаўна таму, што пра тое, што будзе суд, ён будзе адкрыты, так званы следчы паведаміў маці Дзяніса яшчэ ў сакавіку месяцы, калі яе дапытваў. Ён сказаў: „Вы супакойцеся, мы назбіралі шмат дадзеных, у нас усе доказы ёсць. Будзе суд, будзе адкрыты суд”. Маці на той момант спытала: „Можа быць ужо і прысуд гатовы, калі вы ўсё ведаеце?”. Ён пасмяяўся. Тым не менш яны цэлы год цягнулі. Пачалася гэтая поўнамаштабная агрэсія, выявілася, што абвінавацілі ледзь не ў стварэнні агентурнай сеткі, не Дзяніса, а амбасаду Украіны. Ён напэўна як агент там праходзіць там па гэтай іхняй выдумцы. У мінулы раз, калі падаўжалі тэрмін арышту, то намякалі, што можа быць хутка ў рэшце рэшт будзе суд. Потым яшчэ на два месяцы зацягнулася. Цяпер, наколькі вядома, толькі нядаўна Дзяніс з адвакатам толькі пачалі чытаць гэтыя тамы. Фактычна ўжо з 12-га траўня павінен пачацца працэс, бо скончыцца тэрмін арышту. Таму або зноў трэба працягнуць, або ўжо перадаваць, як справу Аўтуховіча нядаўна, трэба несці штосьці. Напэўна з гэтым звязана ўся гэта валтузня. Яны трошкі так ажывіліся. Яго не дапытваюць, толькі фармальны допыт паводле працэдуры, калі напэўна ўжо паведамлялі пра нейкую экспертызу, калі знаёміліся са справай. Толькі фармальныя дзеянні.

РР: Ад адваката інфармацыю атрымліваць немагчыма, бо ён пад падпіскай?

– Так, канешне. Гэта такая мода апошняга часу, што ўсё закрыта. Пры тым, што сам следчы сцвярджаў, што ўсё будзе адкрыта. Напэўна яны штосьці перадумалі, калі гэта ў прынцыпе не было задумана з самага пачатку.

Цалком гутарку слухайце ў далучаным файле: