Упершыню і на Велікодныя святы завіталі мы да роднай хаты ўжо без бацькоў. Прыехалі паздаровіцца з імі і падзяліцца радасцю Пасхі Гасподняй, паехалі на нашы вясковыя могілкі ў Вэрстоку, пра якія пісаў я не раз у гэтым месцы не толькі пры нагодзе Правадной нядзелі. Вядома, згодна з традыцыяй завезлі і паклалі на сямейныя магілы пакрашаныя яйкі і таксама разам з малітвай запалілі на іх свечкі. А потым наведвалі спачываючых там вечным сном аднавяскоўцаў, знаёмых і на ўскраіне Белавежскай пушчы стараліся ўзгадаць нашы генетычныя гісторыі. Тут ужо свежыя магілы чарговых аднавяскоўцаў, памерлых у Беластоку ці Гайнаўцы, якія па сваёй апошняй волі вярнуліся ў родную прастору. Ёсць і такія, што на апошні спачын вярнуліся сюды не толькі з іншых гарадоў, дзяржаў, але і кантынентаў. Бо тут найлепей і надалей яшчэ…. адвечная цішыня, пахучы водар паветра, птушынае канцэртаванне прыносяць настрой абвостранага адчування непазбежнасці зямнога прамінання, якое прывядзе кожнага з нас на свае могілкі. 

Але ў той момант і ў такім месцы пра справы жыцця і смерці размова вядзецца вельмі натуральна і спакойна. І адначасна непазбежнае — пры кожнай магіле ўзгадваецца крохкасць і кароткасць жыцця, часам трагічнасць смерці пахаваных тут людзей. І перад вачыма паўстаюць літаратурныя і фільмавыя вобразы іхніх гісторый з малых і вялікіх айчын, дзе, на жаль, выпадала быць ужо толькі іх заложнікамі, ці ахвярамі. Кожны з лёсаў паўстае на фоне сямейных радасцей і трагедый, каханняў і здрад, працавітасці і падшытасці ветрам, мараў і расчараванняў. А пры тым праяўляецца неверагодная заўзятасць і прага да жыцця пушчанскіх людзей. Заўважаецца нейкае скрыжаванне лясной свабодалюбнасці з накінутай рэальнай жыццёвай патрэбай сялянскай напорыстасці, каб займацца на непрыбытковых, слаба ўраджайных зямельных участках. Не выходзіла найчасцей тое гаспадаранне тым наравістым, характэрным і ганарлівым сваёй жыццерадаснасцю свабодалюбным духам нашчадкам асочнікаў, лоўчых, леснікоў, браканьераў, дрывасекаў, вазакоў, сезонных лясных рабочых. 

Пры кожнай спасобнай хвіліне пушчанскія людзі стараліся вандраваць у лес то за рагамі аленяў, то за грыбамі, то за сухастоем, які трэба было выглядзець сярод верхавін лясной прасторы, а потым зрэзаць на абаграванне дамоў. І ўжо летам трэба было высачыць тую, адзіную, прыгожую, непаўторную ражджэственскую елку, якой дасканаласць кшталтных форм акрэслівалася трыма словамі — як тая лялька. А ўвесь час з галавою задзертай угару — каб любавацца, як дрэвы гавораць з небам і ў пошуках страчанай, племянной шчаслівасці. Як тых ваўкоў цягнула іх заўсёды ў лес і пушчанскую, чалавечую цывілізацыю. Мяжа праз Белавежскую пушчу, рассечаную папалам палітычнай сякерай ва ўсіх гэтых Тэгеранах, Ялтах і Патсдамах, закрыла ім шляхі да сябе і брутальна адпіхнула, а папраўдзе выкінула ўсіх з іхняга бяспечнага беларускага, генетычнага гнязда. Таму нашы людзі лесу ніколі не зразумелі цывілізацыі поля. І наадварот, чалавек поля ніяк не зможа жыць са свістам і енкам дрэў, жывёльнай і чалавечай патрэбай штодзённай касмічна-сакральнай рытуальнасці нашых дзеянняў. Таксама спаўняцца з поўняй і ў поўні — як у аповесці Міхала Андрасюка. 

Беднасць і гора, але ў годнасці — так найчасцей складаўся лёс многіх з тых маіх, ужо могілкавых, штодзённых герояў таго невялікага астраўка беларускай Беласточчыны. Над аднымі затрымліваемся даўжэй, над другімі карацей, але заўсёды з задуменнасцю; то ж яны ўсе не былі аж так старымі, калі адыходзілі. І ловіш сябе няўмольна на тым, што пачынаеш выдатна адчуваць тое, колькі гадоў на тваім карку і што перад намі ўсё імгненна паскорвае ўперад, а ты надалей увесь час не надта разумееш справу сваёй адноснасці на фоне нават сямейнага прамінання. Не разумееш можа і тады ўсяго таго, што здарылася ў нашым жыцці. Што тут было арыенцірам, а што звычайнай выпадковасцю, Божым указаннем? Жыццё для каго і дзеля чаго накіравала нас на такія, а не іншыя шляхі? У штораз большай маўклівасці адчуваеш сябе спакойным і больш свабодным, пачынаеш трывала рыхтавацца, каб змірыцца з вечнасцю прамінання. 

Яўген Вапа