Рэпрэсіўны махавік у Беларусі не спыняецца. 2 траўня адбыліся новыя затрыманні беларусаў, у тым ліку гарадзенца.

Карныя ворганы РБ працягваюць адвольна затрымліваць грамадзянаў за выказванне свайго меркавання або ўдзел у мірных акцыях пратэстаў. Так праваабаронцам стала вядома пра тое, што быў затрыманы гарадзенец, сябра партыі АГП Аляксандр Лаўрэньцеў. Актывіст вядомы ранейшым удзелам у акцыях пратэсту 3 ліпеня і 7 лістапада 2018 году, калі яго разам з аднапартыйцам Мікалаем Салянікам (памерлым у 2021-ым годзе) затрымлівалі за спробу і ўдзел у акцыях пратэстаў. 3 ліпеня іх арыштавалі на выхадзе з кватэры, калі яны ў паласатых робах з плакатам «Беларусь – страна для жизни» спрабавалі патрапіць на Свята нацыянальных культур. Пасля затрыманьня абодвух збівалі ў міліцэйскім бусіку. 4 ліпеня Лаўрэнцьеву прысудзілі адміністрацыйны штрафы за «непадпарадкаванне міліцыі» і «правядзенне несанкцыянаванага пікету», якім палічылі здымак актывістаў з згаданым плакатам у кватэры. А 7 лістапада іх арыштавалі ў цэнтры гораду з плакатам «Долой самодержавие», які яны здолелі пранесці некалькі дзясяткаў метраў.

А ў 2019-ым актывіст правёў паспяховую акцыю ля Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гародні, паставіўшы перад уваходам намёт з мэтай прыцягнуць увагу да праблемаў з жыллём у горадзе ў цэлым і ў яго сям’і ў прыватнасці. У выніку праз гадзіну кіраўнік Адміністрацыі прапанаваў яму іншы варыянт жылля, хаця да гэтага спрабаваў выклікаць на Лаўрэнцьева міліцыю, аднак тая ў дзеяннях Аляксандра ніякіх парушэнняў не знайшла.

Таксама Аляксандра Лаўрэнцьева затрымлівалі і ў 2020-ым годзе (адміністрацыйны арышт 13 содняў).

Гэтым разам яму інкрымінуюць адразу два крымінальныя артыкулы: 368 («Абраза прэзідэнта») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), меркавана, за камэнтары ў інтэрнэт-сеціве.

Таксама ў тэлеграм-каналах так званых сілавых структур з’явіліся паведамленні пра затрыманні Яўгена Андрэева і Марыны Паповай, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэстаў пасля электаральнай кампаніі 2020 года (арт. 342 КК РБ).