3 траўня – Сусветны дзень свабоды друку. На Гарадзеншчыне такой свабоды няма, незалежныя медыі фактычна знішчаныя таталітарнай уладай. Пасля падзей 2020 года і аб’ектыўнага іх асвятлення незалежнымі медыямі, наступ на іх узмацніўся.

У выніку пастаяннага ціску і прэсінгу ажно 19 гарадзенскіх журналістаў і блогераў (амаль усе сябры БАЖ), ратуючыся ад пераследу, былі змушаныя пакінуць Беларусь і зараз знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі. Іншыя альбо знаходзяцца пад далейшым пераследам альбо спынілі сваю працу.

Двое гарадзенскіх журналістаў, сябраў БАЖ, – Дзяніс Івашын і Анджэй Пачобут значны час знаходзяцца за кратамі па палітычных крымінальных справах.

У рэгіёне фактычна цалком знішчана беларускамоўная журналістыка. Амаль усе дзяржаўныя газеты і іх сайты ў выніку мэтнай палітыкі пераведзены на расейскую мову. Працягваецца русіфікацыя і адначасна саветызацыя дзяржаўных медыйных органаў.