Жонка палітдзеяча, літаратуразнаўцы і палітолага, які раней працаваў у Гародні, Аляксандра Фядуты Марына Шыбко паведаміла, што ў сваім чарговым лісце з СІЗА КДБ, дзе палітвязень перабывае ўжо болей за год, ён піша пра тое, што працягвае знаёміцца з сфабрыкаванай супраць яго крымінальнай справай пра “спробу дзяржперавароту”.

Вось як сам Аляксандр ацаніў матэрыялы аднаго з тамоў гэтай справы: “Перачытаў свае допыты. Том, прысвечаны мне, пакуль мне за сябе не сорамна”.

Аляксандр Фядута перадае прывітанні ўсім, хто яго памятае, піша, што адчувае іх падтрымку і стараецца быць годным гэтай падтрымкі.

Марына Шыбко таксама заўважыла, што ў Аляксандра застаюцца праблемы са здароўем, выкліканыя наступствамі перанесенай у СІЗА інфекцыяй COVID. Палітвязень часам мае праблемы з дыханнем, але ён стараецца рабіць фізічную гімнастыку штодня падчас шпацыраў ва ўнутраным дворыку “Амерыканкі” дзеля падтрымання здароўя.