Дзеяч беларускай эміграцыі (ЗША), першы старшыня БАЗА Мікола Гарошка нарадзіўся 5 траўня 1902 года ў вёсцы Трашчыцы (Карэліцкі раён). Быў стрыечным братам ведамага беларускага рэлігійнага дзеяча Льва Гарошкі.

Вучыўся ў сельскагаспадарчай школе ў мястэчку Мір, пасля ў Наваградскай і Віленскай беларускіх гімназіях. У 1923 годзе, прагнучы працягнуць навучанне, перабраўся ў Прагу, бо польскія ўніверсітэты не прымалі выпускнікоў беларускіх гімназій, каб пазбегнуць павялічэння ліку беларускай інтэлігенцыі ў Заходняй Беларусі.

Мікола Гарошка ў Празе, 1923 год

Вучыўся ў Карлавым універсітэце ў Празе. Пасля вярнуўся на радзіму, адслужыў два гады ў польскім войску. Безвынікова намагаўся знайсці працу ў дзяржаўных установах. Заснаваў у родных Трашчыцах спажывецкі кааператыў «Засеўкі», які спачатку была сканцэнтраваны на вырабе літоўскіх сыроў, працаваў у ім старшынёй управы. Пры «Засеўках» быў арганізаваны тэатральны гурток, які са сваімі выступамі раз’язджаў па суседніх вёсках. Уся праграма тэатральнага гуртка, як і вядзенне кааператыву, адбываліся на беларускай мове. Дапамагаў адкрываць новыя спажывецкія кааператывы.

У сярэдзіне 1930-ых гадоў займаўся ўзвядзеннам мастоў, спачатку быў пабудаваны мост цераз Нёман, пасля яшчэ адзін пад Кракавам, а затым яшчэ пяць. Мясцовым польскім уладам было выгадна трымаць Гарошку падалей ад родных месцаў, дзе ягоны ўплыў на мясцовых жыхароў быў непажаданым. Вярнуўся дадому ён толькі ў 1936 годзе. Узяў у арэнду маёнтак Мондзін, дзе аднавіў працэс вырабу літоўскіх сыроў, гаспадарка пачала даваць салідны прыбытак.

У 1939 годзе, з прыходам саветаў, маёнтак быў разрабаваны, усё абсталяванне і станкі зламаныя, самога Гарошку ад расстрэлу зберагло толькі заступніцтва сваіх людзей. Мікола Гарошка пераехаў у Наваградак, дзе працаваў у лясной управе. А ў 1944 годзе з сям’ёй выехаў у Германію, у лагеры для перамешчаных асобаў, дзе — у адрозненне ад пераважнай бальшыні беларусаў — асабліва доўга не затрымаўся, бо брат Аляксандр і сястра Ганна, якія пераехалі ў ЗША ў міжваенны час, аформілі неабходныя паперы.

У 1948 годзе Мікола Гарошка разам з сям’ёй прыехаў у Нью-Ёрк. Спачатку працаваў на вытворчаці сувеніраў, пасля перайшоў да будаўніцтва, праз некалькі гадоў арганізаваўшы суполку беларусаў для будоўлі дамоў. У рэшце заснаваў сваю ўласную будаўнічую фірму, якую пасля перанялі сыны.

Адзін са стваральнікаў і кіраўнік БАЗА ў 19491952 і 1965—1967 гг. Першы старшыня Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (19641979). Сябра рэдкалегіі газеты «Беларус». З 1970 году — сакратар Беларуска-амерыканскага рэспубліканскага клубу ў Нью-Ёрку. Заснаваў выдавецтва «Час», якое выдавала газету «Беларускі Час».

Меў сына доктара Расціслава Гарошку, які пасля смерці бацькі пераняў выданне і працягнуў будаўнічую працу.

Памёр Мікола Гарошка 11 лютага 1979 году ў Нью-Ёрку.