Былы супрацоўнік “Гродна Азот” Андрэй Пагерыла займеў “хросную” сярод еўрапейскіх парламентарыяў.

Андрэй Пагерыла

Юрыстка і дэпутатка Аляксандра Луі — першая прадстаўніца французскага парламента, якая ўдзельнічае ў кампаніі #WeStandBYyou, піша “Вясна”. Яна з’яўляецца прадстаўніком партыі Agir у Нацыянальнай асамблеі і членам юрыдычнай камісіі. Аляксандра Луі стала “хроснай” Андрэя Пагерылы і каментуе сваё рашэнне:

«Для мяне вялікі гонар быць “хроснай маці” Андрэя Пагерылы. Мне выпалі гонар і шчасце жыць у прававой дзяржаве, і я лічу сваім абавязкам абараняць яе каштоўнасці. У гэтай дэкларацыі я хачу выказаць сваю непахісную падтрымку справе спадара Пагерылы і ўсім палітвязням. Спадара Пагерылу абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе толькі за тое, што ён проста ўдзельнічаў у дэманстрацыі; ён дагэтуль чакае суду. Я выступаю супраць усіх неправамерных арыштаў беларускіх грамадзян».

Аляксандра Луі