У кожнай нацыі, у кожнага народа ёсць асобы, якія тымі ці іншымі дзеяннямі назаўсёды ўваходзяць у яго гісторыю, застаюцца ў памяці пакаленняў праз стагоддзі. На мінулым тыдні Беларусь развіталася з Станіславам Шушкевічам. Правесці яго ў апошні зямны шлях прыйшлі і прыехалі тысячы людзей з розных мясцовасцяў Беларусі. Думаецца, што яшчэ столькі ж людзей не змаглі прыйсці ці прыехаць на гэтае зямное развітанне, бо знаходзяцца зараз у выгнанні з Беларусі, не могуць вярнуцца на Бацькаўшчыну.

Бадай што галоўнай чалавечай рысай Станіслава Шушкевіча была ягоная простасць і сціпласць. У ім не было ані каліва нейкай пыхі, фанабэрыі, ганарлівасці, якія так уласцівыя пераважнай бальшыні сучасных палітыкаў і навукоўцаў. А Шушкевіч быў сусветна знакамітым беларусам, хіба найбольш ведамым з нашых сучаснікаў, ён увайшоў у планетарную эліту і як палітык, і як навуковец. Але гэтае ўсведамленне ўласнай значнасці ніколі не дазваляла яму ўзвышацца над іншымі. Шушкевіча запрашалі ў многія ўніверсітэты і ўстановы чытаць лекцыі, якія збіралі перапоўненыя залі. А ён любіў гэтыя выезды-вандроўкі і вельмі шмат ездзіў па свеце, пакуль былі сілы. І толькі няўдзячная дзяржава сваёй краіны старалася ўсяляк прынізіць ролю гэтай асобы, і нават дыскрэдытаваць яго, перыядычна паздзеквацца – яскравым прыкладам гісторыя з пенсіяй, якая ў Беларусі ў Шушкевіча складала пару даляраў у пераразліку. Гэта таксама застанецца ў гісторыі – паіменная ганьба тых людзей, якія зараз узурпавалі ўладу ў дзяржаве і бэсцяць усё беларускае.

Асабіста мне выпала лёсам быць добра знаёмым з Станіславам Станіслававічам, вырашаць грамадскія пытанні, неаднаразова знаходзіцца у цёплых сяброўскіх кампаніях. Уражвала рэдкасная інтэлігентнасць, камунікабельнасць і мабільнасць гэтага чалавека, усе пытанні і праблемы з ім вырашаліся хутка і пазітыўна, найпрасцейшым спосабам. Калі была просьба прыехаць у рэгіён, ён таксама ніколі не адмаўляў. Прыгадваю тут адну з даўніх выбарчых кампаній, калі Шушкевіч прыехаў у Мастоўскі і Свіслацкі раёны падтрымаць сваім аўтарытэтам мясцовых грамадскіх актывістаў – Віктара Дзесяціка (ужо, на жаль, таксама светлай памяці) і Лявона Карповіча. Гэтыя сустрэчы назаўсёды засталіся ў памяці жыхароў мястэчак. Прыязджаў таксама ў Свіслач і Якушоўку на Дзень ушанавання паўстанцаў 1863 года. І ў Вільню на ўрачыстую цырымонію перапахавання Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў, нягледзячы на ўжо слабое здароўе, Шушкевіч таксама прыехаў, бо не мог прамінуць гэтага гістарычнага дня і лічыў важным там быць.

Пры сяброўскіх застоллях Станіслаў Станіслававіч вельмі любіў расказваць пра свае візіты ў Японію і Паўднёвую Карэю, ён быў сам захоплены тым, як усё ўладкавана ў гэтых краінах, падрабязна апісваў розныя дэталі фенамену ўнікальных азіяцкіх дзяржаў, так што ў тых, хто слухаў, узнікала адчуванне прагляду цікавага дакументальнага фільма. Часам Шушкевіч сядаў за піяніна і ўпэўнена выконваў папулярныя мелодыі, гэта быў яшчэ адзін яго талент.

Станіслаў Станіслававіч быў вельмі зычлівым да журналістаў, звычайна запрашаў іх да сябе дадому, дзе шчыра апавядаў пра сама складаныя рэчы і калізіі сваёй кароткай, але такой яркай палітычнай сцежкі. Тых, каго ён запрашаў да сябе дахаты, заўсёды частаваў з той найлепшай беларускай гасціннасцю і прыязнасцю да чалавека. Напэўна былі ў яго палітычнай дзейнасці і нейкія памылкі, за якія яго бязлітасна крытыкавалі многія іншыя палітыкі. Але галоўнае на сваім жыццёвым шляху Шушкевіч зрабіў, ён істотна дапамог цывілізавана палітычна аформіць сканананне Савецкага саюзу ў беларускіх Віскулях. І менавіта пры старшынстве Шушкевіча была прынятая пераважная бальшыня артыкулаў Канстытуцыі 1994 года, якая стала найпершай у суверэннай гісторыі.

Пахавалі Станіслава Шушкевіча ў Менску не на галоўных могілках сталіцы. Але галоўнае, што правялі ў апошні шлях пад нашым нацыянальным сцягам, сярод бел-чырвона-белых вянкоў. Светлая і вечная памяць Станіславу Станіслававічу. Краіна і людзі ніколі не забудуць свайго Белавежскага зубра…

Уладзімір Хільмановіч