Тэрмін арышту Дзянісу Івашыну працягнулі з прычыны недахопу часу на азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы.

Жонка Дзяніса Івашына на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла, што тэрмін арышту яе мужа працягнулі да 10 чэрвеня, меркавана з прычыны таго, што ён з адвакатам не паспеў прачытаць падрыхтаваныя так званым следствам матар’ялы крымінальнай справы супраць яго.

Першы дзень вывучэння справы быў 22 красавіка. Паводле КПК абвінавачаны мае права знаёміцца з абвінавачаннямі супраць яго мінімум месяц, аднак з 22 красавіка па сёньня, нават з улікам усіх выходных і святаў выходзіць толькі 19 дзён, што з’яўляецца працэсуальным парушэннем правоў абвінавачаннага. І працяг тэрміну арышту сытуацыю не выпраўляе, а толькі пагаршае. Знаходжаньне пад вартай — гэта мера стрыманьня, а не следчыя дзеянні. Калі следчым не хапае здольнасцяў своечасова і згодна з працэдурай падрыхтаваць справу да перадачы ў суд, то гэта не праблема абвінавачанага, а следчых. То бок не арышт трэба было працягваць, а аддаваць крымінальную справу на вывучэнне як мінімум 10 красавіка, каб да сканчэння тэрміну арышту ў 1 год і 2 месяцы можна было завяршыць дасудовы працэс.

Раней Вольга Івашына таксама паведамляла пра тое, што Дзянісу Івашыну пачалі перадаваць дасланую карэспандэнцую, але ад яго самога лісты сваякам не даходзяць дагэтуль. Вольга заклікае і раіць дасылаць лісты і паштоўкі палітвязням замоўнымі лістамі, каб захоўваць пацверджанне дастаўкі да турмы ці калоніі і мець магчымасць спытаць у адміністрацыі прычыну недастаўкі іх адрасату. Таксама яна просіць паведамляць сваякам журналіста ў сацсетках пра ўсе адпраўленыя яму тэлеграмы, паштоўкі, лісты, пасылкі і грашовыя пераводы, каб кантраляваць дастаўку іх да Івашына.