Сваякі Уладзіміра Гундара паведамілі пра пачатак судовага працэсу па другой крымінальнай справе супраць краязнаўцы. Разгляд справы пачнецца 18 траўня, аднак, будзе весціся дыстанцыйна, то бок абвінавачанага ў залю не павязуць. Ці будзе працэс адкрытым і ці дапусцяць у так званы суд людзей, пакуль невядома.

Новая крымінальны пераслед палітвязня цягнецца ў межах «справы Аўтуховіча». Раней Гундара вінавацілі ў тэрарызме, але пазней гэтае абвінавачанне знялі. Цяпер краязнаўцу з Баранавічаў вінавацяць паводле ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) КК РБ.

Нагадаем, што першы вырак у 3 гады калоніі яму прысудзілі за нібыта «гвалт у дачыненні да службовай асобы» 20 траўня 2021 года. У гарадзенскую турму Уладзіміра Гундара перавялі ў снежні 2021. Гундар прызнаны палітвязнем 20 красавіка 2022 г.