Мікалая Аўтуховіча і шэраг іншых вязьняў, якіх далучылі да так званай «злачыннай групы», якую ён, паводле версіі следства, нібыта арганізаваў, пачнуць судзіць 18 траўня. Раней выказвалася думка пра тое, што працэс могуць зрабіць адкрытым, аднак, цяпер высвятляецца, што фармальна адкрыты суд правядуць ва ўнутраным памяшканні гарадзенскай турмы, куды ані сваякі, ані іншыя людзі патрапіць не змогуць. Відавочна, абвінаваўцам або ёсьць што хаваць, або няма што прад’яўляць абвінавачаным, таму і выкарыстоўваюць працэсуальную магчымасць мінімізаваць сведкаў іх фальсіфікацыяў.

Дакладна вядома, што 18 траўня пачнуць разглядаць крымінальныя справы супраць Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Гундара і Галіны Дзербыш. Верагодна, так бы мовіць суд над астатнімі фігурантамі «справы Аўтуховіча» пачнецца ў гэты ж дзень.

Нагадаем, па «справе Аўтуховіча» абвінавачваюцца 12 чалавек, большасць з якіх арыштаваная 1 снежня 2020 года. Абвінавачанні датычаць 11-ці артыкулаў Крымінальнага Кодэксу, сярод якіх «акт тэрарызму», «замах на захоп улады», «стварэнне злачыннай арганізацыі», «здрада дзяржаве» ды інш.

Сярод абвінавачаных ёсць прызнаныя палітвязнямі асобы: Вольга Маёрава, Ірына і Антон Мельхеры, Павел, Любоў і Сяргей Рэзановічы, Уладзімір Гундар і Галіна Дзербыш.

Самога Мікалая Аўтуховіча, а таксама Паўла Саву, Віктара Снегура, і Ірыну Гарачкіну палітвязнямі не прызналі дагэтуль.