На лаве падсудных быў Яўген Іваноўскі. Мужчыну абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 370 «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Судовае пасяджэнне ўзначаліў Сяргей Манько.

Першае слуханне па гэтай справе было прызначана яшчэ на 28 красавіка. Але яго перанеслі на 5 траўня, бо абвінавачаны сцвярджаў, што пастанову аб прызначэнні разгляду справы ён атрымаў толькі напярэдадні самога суда, а не прынамсі за 5 дзён, як належыць.

Як стала вядома на судовым пасяджэнні, Яўген Іваноўскі мае некалькі судзімасцяў: галоўным чынам мужчына трапляўся на крадзяжах. Да суда па цяперашняй справе Яўген знаходзіўся ў ПК-12, дзе адбываў пакаранне за злачынства паводле ч. 2 арт. 205 КК: мужчыну прызналі вінаватым за крадзеж, здзейснены паўторна, або групай асобаў, або з пранікненнем у жыллё.

Гэтым разам Яўгена абвінавачвалі ў тым, што 18 чэрвеня мінулага года прыкладна аб 11-й гадзіне вечара каля крамы «Каласок» у Слоніме ён схапіў і вырваў з мацавання сцяг Беларусі, пры гэтым частка дрэўка, на якім трымаўся сцяг, зламалася. У матэрыялах справы было паказана, што абломкі гэтага дрэўка мужчына «выкінуў у нявысветленым месцы», а сам сцяг паклаў сабе ў кішэнь. Дарэчы, кішэнь у матэрыялах справы таксама пазначаная як «нявысветленае месца».

На судзе сваёй віны Іваноўскі не прызнаў. Мужчына вельмі падрабязна апісаў леташняе 18 чэрвеня. Той факт, што ён зняў сцяг, абвінавачаны сапраўды пацвердзіў. Але растлумачыў, што ніякага здзеку з яго не здзяйсняў, а зняты сцяг акуратна склаў, каб не пакамячыць, і паклаў сабе ў кішэнь. Дый дрэўка наўмысна не ламаў. Яно выпадкова зламалася каля мацавання. І нікуды ён яго не выкідаў, а толькі пакінуў на тым жа месцы, побач з крамай «Каласок». Не забіраць жа зламанае дрэўка з сабой!

«Заўсёды хацеў мець беларускі сцяг, толькі грошай на яго не было»

Крадзеж беларускага сцяга абвінавачаны растлумачыў тым, што заўсёды хацеў мець яго ў сябе дома, каб вывешваць на фасадзе ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, вось толькі грошай на сцяг не было. Таму і наважыўся на злачынства.

Не самымі звычайнымі аказаліся і акалічнасці, пры якіх высвятлілася, што мужчына выкраў сцяг Беларусі. Аказваецца, пра крадзеж сцяга ніхто не заяўляў.

Падзеі развіваліся наступным чынам. У той час Яўген знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам пасля здзяйснення папярэдняга злачынства. Мужчына быў дома, выпіў і пасварыўся з суседам. Той выклікаў на яго міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі, натуральна, высветліўшы, што Яўген знаходзіцца на асаблівым кантролі пасля мінулых злачынстваў, забралі яго ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю (КВІ) і паставілі ў віну арт. 25.11 КаАП «Невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ці прафілактычнага назірання». Там правялі асабісты агляд Яўгена, падчас якога ў ягонай кішэні і знайшлі акуратна складзены сцяг.

Там жа, у КВІ, мужчына і расказаў супрацоўнікам міліцыі, дзе і пры якіх акалічнасцях выкраў сцяг.

За крадзеж сцяга паводле арт. 11.1 КаАП «Дробны крадзеж» мужчыну пакаралі 15 суткамі арышту, якія ён адседзеў 9 ліпеня 2021 года. Але як толькі ён вызваліўся, Яўгена тут жа перазатрымалі паводле іншага эпізоду — за крадзеж згодна з ч. 2 арт. 205 КК, а ўжо ўвосень асудзілі да двух гадоў і трох месяцаў зняволення. Мужчына паехаў на этап, адседзеў 9 месяцаў і неўзабаве дазнаўся, што ў справе пра крадзеж сцяга, згодна з версіяй дзяржабвінавачвання, ягоным дзеянням не далі ацэнку паводле арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Так на Яўгена і распачалі новую крымінальную справу.

Як стала вядома з матэрыялаў справы, абвінавачанага дапытвалі ў калоніі. У сутнасці, усе ягоныя паказанні, як і паказанні сведак, сведчылі на карысць таго, што ніякага здзеку са сцягу Яўген не здзяйсняў — адбыўся толькі крадзеж. Відэакамер каля крамы, на фасадзе якой і вісеў той самы сцяг, не было. Ніхто са сведак толкам нічога не бачыў і не чуў.

Сам жа Яўген пераконваў суддзю, што да беларускага сцяга ён ставіцца вельмі паважліва.

Мабыць, суддзя вырашыў праверыць абвінавачанага, таму вырашыў удакладніць, што сімвалізуе кожны з колераў на сцягу Беларусі. Якім жа было здзіўленне ўсіх прысутных на тым судовым пасяджэнні, калі Яўген беспамылкова расказаў пра значэнне кожнага колеру на сцягу. Напэўна, ад здзіўлення, суддзя працягнуў:

«А гімн Беларусі ведаеце?»

«Канечне!» — упэўнена адказаў абвінавачаны.

«А праспяваць па два першыя радкі з кожнага куплета зможаце?»

«Лёгка!» — працягнуў здзіўляць Яўген. І праспяваў! Выканаць гімн яму было зусім не цяжка — што не дзіва: у калоніі, дзе да суда ўтрымліваўся Яўген, з гімна пачынаецца кожная раніца.

Як пакаранне за здзек са сцяга Беларусі пракурор запатрабаваў для Іваноўскага 3 месяцы арышту.

І хоць ніхто так і не зразумеў, які факт быў доказам віны Яўгена Іваноўскага, 6 траўня суд Слонімскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 370 КК і прызначыў яму 3 месяцы арышту. Але паколькі ў гэты час Яўген ужо адбывае пакаранне паводле ч. 2 арт. 205 КК за папярэдняе злачынства, то шляхам паглынання больш строгім пакараннем меней строгага абвінавачанаму прызначылі ўсё тыя ж 2 гады 3 месяцы пазбаўлення волі… Такім чынам, тэрмін зняволення застаўся ранейшым.