Канца расейска-ўкраінскай вайны не відаць. Разбурэнне і знішчэнне ўкраінскага народа і інфраструктуры дзяржаўнасці ідзе поўным ходам. Трагедыя, смяротныя злачынствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва прымаюць такія формы, што проста жахліва вымаўляць, тое, што бачылі і перажылі ацалелыя ад зверстваў людзі. Дзеці тут таксама, на жаль, неад’емная частка ахвяр. Загінулыя, гвалтаваныя і забітыя, акалечаныя фізічна і духоўна – траўмаванасць ваеннай рэальнасці шакіруе. Проста хочацца звычайнай справядлівасці, каб непасрэдныя злачынцы былі ўсё ж такі пакараны, а не каб сваімі зверскімі, антычалавечымі паводзінамі хваліліся ў сацыяльных сетках быццам праявамі жаўнерскага гераізму і адвагі. Не, гэта ганьба і кашмар для іх саміх і іхніх камандзіраў, якія дазваляюць, каб так паводзілі сябе іхнія падуладныя. Таму яны разам з падначаленымі павінны быць і абвінавачаны. А затым ці міжнародны трыбунал павінен быць і для палітычных заказчыкаў і іх памагатых, вінаватых гэтага кашмару? Але ж каго тады судзіць, апрача Пуціна і Лукашэнкі, як непасрэдных агрэсараў? Бо ж лаўка падсудных у гэтай справе не павінна быць па-мойму кароткай. Ці маральная адказнасць некаторых еўрапейскіх палітыкаў, устаноў і дзяржаў за поўную безадказнасць у падтрымцы і фінансаванні згаданых дыктатараў не павінна перакласціся на адпаведныя параграфы міжнароднага заканадаўства датычнага свядомага, ці несвядомага саўдзельніцтва ў злачынстве этнагенацыду ўкраінскага і беларускага народаў? Я не юрыст і не спецыяліст у гэтай галіне, але элементарная прыстойнасць перад ахвярамі кажа пра патрэбу самаачышчэння дзеля нармальнасці, калі яшчэ існуе разуменне паняцця чалавецтва. А можа ўжо толькі гэта мае наіўныя ўяўленні наконт справядлівасці сярод рэальнай бяды, у якой апынуліся ўсе мы як род чалавечы.

Калі нашы надзеі на зямную справядлівасць не апраўдаюцца, застаецца толькі спадзявацца на суд Божы і роўнасць перад ім людскога племя і што ваенныя грэшнікі і іх памагатыя трапяць у вечнае пекла для адкуплення сваіх грахоў. На жаль, пры нагодзе вайны ва Украіне бачым як бяссільнымі і безвыніковымі з’яўляюцца заклікі многіх айцоў цэркваў і касцёлаў да спынення баявых дзеянняў. Асабліва, калі ўвесь хрысціянскі свет знаходзіцца напярэдадні найвялікшага свята – Уваскрэсення Гасподняга. У гэтым годзе паміж грыгарыянскім і юліянскім календарамі толькі тыдзень розніцы. Таму вядомы яшчэ з часоў сярэднявечча гэтак званы мір Божы на зямлі ў святочны час мог бы стаць хоць стрыманнем ад ахвяр і слёз у велікодныя дні. Сумна аднак, што расейскі агрэсар цесна знітаваны з кіраўніцтвам Маскоўскага патрыярхату. Такая сітуацыя для праваслаўных вернікаў ва ўсім свеце – гэта недапушчальнае перасячэнне ўсялякіх межаў хрысціянскай навукі і жыцця згодна з Божымі настаўленнямі. Супраць такой сітуацыі выступаюць не толькі многія праваслаўныя тэолагі ўсяго свету і самой Расеі, але і паасобныя цэрквы. Узвышаная, нацыяналістычная, ідэя рускага міру правальваецца тут разам з кампраметацыяй крамлёўскага праваслаўя.

Але такія дзеянні вядуць яшчэ да адной трэшчыны і расколіны ў праваслаўі ва Украіне. Праваслаўныя вернікі і структуры, якія прызнаюць вяршэнства Маскоўскага патрыярхату, зараз часта абвінавачваюцца нядаўна аб’яўленай Аўтакефальнай Кіеўскай царквой, а таксама дзяржаўнымі органамі ўлады і яе медыямі. Рэлігійныя эмоцыі ва Украіне на фоне расейскай агрэсіі – гэта адзін з тых канфліктаў, які можа не спрыяць адзінству ўкраінскага народа. Асабіста я меў магчымасць пазнаёміцца з некаторымі ўкраінскімі святарамі і вернікамі Маскоўскага патрыярхату – вялікімі патрыётамі сваёй зямлі, мовы, гісторыі. І зараз ужо звыш двухсот бацюшкоў з гэтай структуры падпісалася пад патрэбай асуджэння дзеянняў маскоўскага патрыярха Кірыла ўсімі суседнімі цэрквамі. Застаецца нам верыць, што справы ўкладуцца, а Кіеў і ўкраінскае праваслаўе будуць аб’яднальнай і раўнапраўнай сілай гэтай часткі ўсходняга хрысціянскага свету.

Яўген Вапа