Днямі сярод чыноўнікаў РБ Лукашэнка зрабіў чарговыя перастаноўкі. Так новым намеснікам міністра спорту стаў небезвядомы Алег Андрэйчык, які дагэтуль значны час быў начальнікам упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму.

Алег Андрэйчык – нараджэнец Глыбокага, але вучыўся ў Гарадзенскім фізкультурным тэхнікуме, а ўся частка яго чыноўніцкай кар’еры дагэтуль прайшла якраз на Гарадзеншчыне. Цяпер ён пайшоў на істотнае падвышэнне.

У юнацтве і маладосці Андрэйчык займаўся бегам і нават уваходзіў у зборную Беларусі. Пасля аднак ён пайшоў па чыноўніцка-кар’ернай лесвіцы.

Як чыноўнік гарадзенцам Андрэйчык запомніўся сваёй адданасцю палітычнаму рэжыму, улюбёным выразам яго было “мы – государевы люди”. Паводле сваих непасрэдных службовых абавязкаў ён імкнуўся развіваць турыстычны кірунак і розныя бегавыя мерапрыемствы. Пры тым, аднак, гарадзенскі спорт за час яго кіравання прыйшоў у заняпад. Звязана гэта і з агульнай дэградацыяй беларускага спорту, але на ват на роўні іншых абласных цэнтраў Гародня пайшла ўніз. Пры тым чамусці тры гады запар – з 2016 па 2018-ы Гарадзенская вобласць вярхоўнай уладай прызнавалася ў спорце лепшай у Беларусі.

Але галоўную якасць чыноўніка РБ Андрэйчык трымаў на высокім роўні – ён быў поўнасцю адданы лініі дзяржаўнага курсу.

Запомніўся Андрэйчык гарадзенцам і так званымі пашпартамі турыстаў, дзе не знайшлося месца мове тытульнай нацыі – па-беларуску гэтыя сімвалічныя пашпарты так і не былі зробленыя.

У час рэпрэсій Андрэйчык таксама не застаўся ў баку. Менавіта з яго ініцыятывы страціў сваю працу ў структуры футбольнага “Нёмана” Васіль Савіч. Савіч стаяў ля вытокаў развіцця міні-футболу і пляжнага футболу ў Гародні, двойчы выводзіў гарадзенскую каманду ў чэмпіёны краіны па пляжным футболе. Васіль Савіч падпісаў у 2020 годзе ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту. Гэта не спадабалася чыноўнікам-“андрэйчыкам”. У выніку ў пачатку 2021 года Васіль Савіч пазбавіўся працоўнага месца ў СДЮШАР “Нёман”, дзе працаваў інструктарам-метадыстам. Да слова Сына Савіча Іллю, які таксама выступіў за справядлівасць, выдалілі са зборнай Беларусі па пляжным футболе.

Ну а Алегу Андрэйчыку прыйшоў час кар’ернага росту.

.