Беларускі паэт Анатоль Іверс (сапраўднае прозвішча Іван Міско) нарадзіўся 15 траўня 1912 году ў вёсцы Чамяры на Слонімшчыне. Паходзіў з сялянскай сям’і. Маці вяла хатнюю гаспадарку, бацька часта працаваў на будаўніцтве дарог і мастоў. У час першай сусветнай вайны сям’я ў 1914 годзе выехала ў бежанства, была пад Кіевам. Вярнулася адтуль толькі ў 1918-ым. Бацька Дарафей пэўны час быў сакратаром валаснога камітэту, таму быў пад наглядам паліцыі. Чытаць па-руску Івана навучыў бацька, потым некалькі месяцаў хлопчык вучыўся ў мясцовай беларускай школе, але яе зачынілі.

У 1926 годзе ён паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у заходнебеларускім вызвольным руху быў выключаны з Віленскай (1928 г.), Клецкай (1929 г.) і Наваградскай (1931 г.) гімназій. Паліцыя некалькі разоў арыштоўвала паэта, яго дапытвалі і катавалі ў пастарунку і дэфензіве, тры разы судзілі за ўдзел у дэманстрацыях і супраціў уладам пры затрыманні. Невялікія тэрміны зняволення падпадалі пад амністыю. Псеўданім Анатоль Іверс следчыя так і не раскрылі. З 1931 г. жыў у родных Чамярах пад наглядам паліцыі. Пачаў пісаць пад псеўданімам Анатоль Іверс, адсылаючы творы ў тагачасную беларускую прэсу. З 1935 г. служыў у Войску Польскім, тады ж трагічна загінула маці паэта – яе забіў памешчык. Пасля уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца” (1939-1941 гг.). У час другой сусветнай вайны – адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з лістапада 1943-га – партызан брыгады імя К. Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую падпольную газету “Барацьба”.

Вайна прынесла новыя асабістыя трагедыі. Жонка Анатоля Іверса загінула ў Калдычаўскім лагеры, брат – у баі з фашыстамі. У пасляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, Анатоля Іверса некалькі разоў безпадстаўна звальнялі з працы. Потым ён працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты “За перамогу камунізму”, у лесахімічнай прамысловасці. У 1976-1984 г. – сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыў у Слоніме. Быў знаёмы і шчыра сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і іншымі творчымі людзьмі беларускай прасторы Польшчы.   

Як паэт Іверс дэбютаваў у друку вершамі ў 1934 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі “Песні на загонах” (Вільня, 1939), “З пройдзеных дарог” (1970), “Жыву ў бацькоўскім краі” (вершы і паэмы, 1982), “Я пайшоў бы ўслед за летам” (1987). Рэвалюцыйна-вызвольная тэматыка ў творах паэта глыбока звязана з асобай чалавека, грамадзяніна, гераічныя матывы пераходзяць у лірычныя, зліваюцца ў кранальны напеў пра лёс народа, якому даводзіцца пераадольваць гістарычную несправядлівасць, наладжваць новае жыццё. Друкаваўся ў часопісах “Беларускі летапіс”, “Калоссе”, “Асва”ды іншых.

Памёр Анатоль Іверс 26 кастрычніка 1999 году ў Слоніме. Пахаваны на гарадскіх слонімскіх могілках. Яго імя мае толькі літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце. Прапановы і спробы да 100-годдзя паэта назваць яго імем адну з бібліятэк гораду ўлады не падтрымалі. У 2011 г. Сяргей Чыгрын уклаў зборнік твораў і успамінаў Іверса пад назвай “Аўсяныя росы”, які надрукаваны рупнасцю ўнука паэта – Аляксандра Міско.