Вольга Івашына паведаміла ў сацсетках пра атрыманне доўгачаканай карэспандэнцыі ад мужа-палітвязьня, гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына.

Вольга выклала частку напісанага ёй Дзянісам ліста і паабяцала падаць яшчэ вытрымкі з яго пазней. Таксама яна напісала пра тое, што маці Івашына Людміла атрымала ад сына паштоўку з віншаваннем з міжнародным днём маці (другая нядзеля траўня, сёлета прыпадае на 8 траўня).

Усё гэта сведчыць пра тое, што цяпер палітвязень, магчыма, будзе атрымліваць карэспандэнцыю і ад іншых адрасантаў, таму заклікаем дасылаць Івашыну лісты, паштоўкі і тэлеграмы на адрас:

230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, ПУ «Турма №1», Івашыну Дзянісу Яўгенавічу. Таксама можаце падтрымаць вязня пасылкамі і грашовымі пераводамі. Просьба сваякоў паведамляць пра дасланую карэспандэнцыю застаецца актуальнай.

Нагадаем, што сваякі не атрымлівалі лістоў ад Івашына дагэтуль больш за паўгады, а яму самому пачалі аддаваць дасланыя лісты амаль два месяцы таму. Сваякі мяркуюць, што гэта быў адмысловы здзек над імі і палітвязнем з мэтай зламаць яго і іх маральна, а таксама адна з формаў катавання. Фармальнае завяршэнне следства пазбавіла карнікаў гэтага інструменту ўздзеяння на закладніка.

Таксама паведамім, што Дзяніс Івашын 6 чэрвеня святкуе Дзень Нараджэння.

У СІЗА ён знаходзіцца з моманту арышту 12 сакавіка 2021 года па надуманых абвінавачаннях паводле арт. 365 («умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных органаў») і ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве») Крымінальнага Кодэксу РБ. Журналіст з 22 красавіка 2022 знаёміцца з матар’яламі так званага следства, арышт працягнуты да 10 чэрвеня, што складзе агулам 15 месяцаў палону. Пра перадачу справы ў «пракуратуру» ці «суд» размова дагэтуль не ідзе.