Некаторых абвінавачаных трымаюць ў асобных клетках — нібыта яны «асабліва небяспечныя». Вядзе карны працэс суддзя Максім Філатаў.

Галоўны фігурант крымінальнай справы, Мікалай Аўтуховіч, абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы.

Адзін са складаў прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі)

Сярод дзеянняў, інкрымінаваных Мікалаю Аўтуховічу, — здрада дзяржаве, садзейнічанне ў тэрарыстычнай дзейнасці, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці. А таксама шэраг іншых складаў злачынстваў, такіх як кантрабанда, акт тэрарызму.

У крымінальнай справе больш за 65 тамоў.

Усяго па “справе Аўтуховіча” праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх – Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць, 20 траўня 2021 года асуджаны па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі,) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апрача Мікалая Аўтуховіча, па справе праходзяць:

Сяргей Рэзановіч,

Любоў Рэзановіч,

Павел Рэзановіч,

Галіна Дзербыш,

Уладзімір Гундар,

Вольга Маёрава,

Ірына Гарачкіна,

Віктар Снегур,

Павел Сава,

Ірына Мельхер,

Антон Мельхер.

Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў – Артур Папок – на дадзены час знаходзіцца ў вышуку

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль Audi 80 і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і “іншыя сябры злачыннай арганізацыі ” на тэрыторыі Гарадзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вул. Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль Skoda Octavia, які належаў супрацоўніку міліцыі.

Да новага затрымання Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.