Напярэдадні 9 траўня ці 3 ліпеня, а роўна ж і ў любы іншы дзень году дзяржаўны сродкі масавай прапаганды і дэзінфармацыі прасоўваюць агульнаімперскія наратывы пра «дзяды ваявалі», «подзвіг савецкага народу ў вайне супраць фашызма», а таксама «неабходнасць патрыятычнага выхавання моладзі», а самі дзяржворганы рэгулярна кажуць пра «генацыд беларускага народа» і захаванне гістарычнай памяці. Аднак пры гэтым недзяржаўныя грамадскія ініцыятывы і арганізацыі нават з той жа самай тэматыкай падпадаюць пад рэпрэсіўны прэс.

Напрыклад, у абласным судзе Гародні 17 траўня пачаўся працэс ліквідацыі дзвюх арганізацый: спартова-патрыятычнага клуба «Честь Родины» і Гарадзенскага абласнога грамадскага аб’яднання былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагероў. Ініцыявала працэс ліквідацыі Галоўнае ўпраўленне, якое мае назву юстыцыі, пры гарадзенскім аблвыканкаме. Аднак ані прычыны звароту ведамства ў суд, ані інфармацыя пра нейкія парушэнні, з-за якіх працэс ліквідацыі пачалі, грамадскасці невядомыя.

Справу клуба разглядае Жана Карэцкая, справу аб’яднання былых вязняў – Юры Карэцкі.

Клуб «Честь Родины» малавядомы. Фактычна ёсць толькі дадзеныя пра дату і адрас рэгістрацыі арганізацыі: 20.06.2017, г. Гародня, вул.Савецкая, 10. А паводле назвы можна меркаваць, што займаўся клуб менавіта патрыятычным выхаваннем маладзёнаў.

Аб’яднанне былых вязняў больш вядомае ў горадзе. Яно было заснаванае ў 1995 годзе. Яго мэта — узмацненне грамадскай увагі да былых вязняў фашызму. Больш за 30 гадоў узначальвае арганізацыю Захар Тарасевіч — сам былы вязень Аўшвіца.

Чым перашкодзілі так званым уладам згаданыя арганізацыі, сказаць цяжка. Магчыма справа тут не ў нейкай дзейнасці ці поглядах, а ў непадкантрольнасці дзяржаўным структурам. Што сведчыць пра далейшае пераўтварэнне аўтарытарнага рэжыма на таталітарны, які не дазваляе ніякіх самастойных незалежных праяваў актыўнасці па-за кіроўнай «лініяй партыі».