Стала вядома, што 60-гадовую Галіну Дзербыш (https://prisoners.spring96.org/be/person/halina-dzierbysh), якую цяпер судзяць па «справе Аўтуховіча», абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).

Галіна — пенсіянерка з аграгарадка Абухава. Цягам 15 месяцаў жанчыну ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры. За гэты час у яе было толькі адно спатканне з дачкой. Галіна Іванаўна мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам.

Больш за чатыры месяцы жанчына атрымлівае лісты толькі ад сваякоў. Праз тое, што яе ўключылі ў спіс тэрарыстаў, пасылкі і бандэролі, якія ёй дасылаюць неабыякавыя людзі, вяртаюць з пазнакай «адмова». Дома ў Дзербыш 16 катоў-падкідышаў за якімі яна прыглядала.

💌Падтрымаць Дзербыш: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1