Стала вядома, што згодна з матэрыяламі следства, Павел Сава разам з Аўтуховічам планавалі здзяйсненне тэрарыстычных актаў; здрадзілі дзяржаве, аказваючы дапамогу Украіне ў правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі; набывалі ва Украіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, якія маглі быць выкарыстаны ў тэрарыстычнай дзейнасці; незаконна іх дастаўлялі ў Беларусь; рабілі сховы гэтага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі.

Таксама паведамляецца, што хворай на анкалогію пенсіянерцы Галіне Дзербыш інкрымінаваныя тры артыкулы: ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).

З абвінавачвання Паўлу Саву стала вядома, што ён дапамагаў «кіраўніку групы» набываць ва Украіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, а таксама дастаўляць яе ў Беларусь і хаваць на тэрыторыі краіны.

Дзяржаўная прапагандыстка Людміла Гладкая піша, што Аўтуховіч не толькі быў завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі, але і сам вербаваў людзей для дапамогі ў здзяйсненні актаў тэрарызму і займаўся навучаннем баевікоў.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі.

Акрамя гэтага, Аўтуховіча вінавацяць ва ўзрыве аўтамабіля «Skoda Octavia», які належыў супрацоўніку міліцыі:

«Каля 01:20 20 лістапада 2020 года, знаходзячыся на неахоўнай стаянцы каля дома па вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне, агульнанебяспечным спосабам здзейсніў акт тэрарызму шляхам выбуху з выкарыстаннем самаробнай выбуховай прылады, падрыхтаванай брызантным выбуховым рэчывам арыентыровачнай разліковай магутнасцю ў трацілавым эквіваленце не менш 18,4 грам легкавога аўтамабіля “Шкода Актавія”»

Абвінавачванне сцвярджае, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.

Што вядома пра іншых фігурантаў справы?

За тры дні судовага працэса абвінавачванні таксама зачыталі Паўлу Саву і Віктару Снегуру.

Згодна з матэрыяламі следства, Сава разам з Аўтуховічам яны планавалі здзяйсненне тэрарыстычных актаў; здрадзілі дзяржаве, аказваючы дапамогу Украіне ў правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі; разам з кіраўніком групы — Аўтуховічам — набывалі ва Украіне агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, выбуховыя прылады, піратэхнічныя вырабы, ваенную амуніцыю і іншыя прадметы, якія маглі быць выкарыстаны ў тэрарыстычнай дзейнасці; незаконна іх дастаўлялі ў Беларусь; рабілі сховы гэтага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі. Яму інкрымінуюць два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў).

Снегур, паводле абвінавачвання, з’яўляючыся жыхаром памежнага мястэчка, арганізаваў незаконныя калідоры для перавозкі з Украіны боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. У выніку сам Аўтуховіч меў магчымасць пераходу на ўкраінскую тэрыторыю для вырабу там узбраення і амуніцыі саматужным спосабам. 17 снежня 2020 года быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ.

Таксама стала вядома, па якіх артыкулах абвінавачваюць Гундара, Дзербыш і Антона Мельхера:

  • Уладзіміру Гундару ставіцца ў віну ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • Галіне Дзербыш — ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357  (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • Антону Мельхеру — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзеле у іх).

З абвінавачвання Аўтуховіча вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі, і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне. 

Падтрымайце фігурантаў справы лістамі салідарнасці па адрасе:

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Мікалаю Аўтуховічу
Сяргею Рэзановічу
Любові Рэзановіч
Паўлу Рэзановічу
Галіне Дзербыш
Уладзіміру Гундару
Вользе Маёравай
Ірыне Мельхер
Антону Мельхеру
Ірыне Гарачкінай
Віктару Снегуру
Паўлу Саву