21 траўня ў Беластоку ў сядзібе Беларускага Радыё Рацыя прайша сустрэча памяці Вітольда Ашурка, якую арганізавалі беларускія праваабаронцы. Былі ўспаміны тых, хто ведаў Вітольда, гучалі песні і вершы, развагі пра рэчаіснасць і лёс беларускай нацыі. Была зладжана таксама невялікая выстава паштовак і лістоў палітвязняў.

Выступілі Уладзімір Хільмановіч, Алесь Капуцкі, Яўген Вапа, Сяргей Верамеенка, Вольга Івашына. На сустрэчу памяці Ашурка прыйшлі журналісты, прадстаўнікі беларускай дыяспары, а таксама карэнныя беларусы.

Уладзімір Хільмановіч

Вітольду Ашурку

Ты крочыў дарогай Годных,
не ведаў шляхоў крывых…
Жывыя глядзяць на мёртвых,
а мёртвыя – на жывых…

Шануючы іх Магілы,
узняўшы Крыжы ў палях,
ты так набіраўся сілы
прайсці свой геройскі шлях!

І смела наперад крочыў,
узняўшы да Неба Сцяг,
Айчыне Святло прарочыў,
Народу – свабодны шлях!

Абралі цябе Нябёсы,
каб так ты жыццё пражыў,
што змог павязаць ім лёсы,
што прыйдуць, і тых, хто быў…

Зляцеў твой апошні подых
жыцця дарагога міг…
Цяпер сярод Нашых Мёртвых
глядзіш ты на нас жывых…

(верш Віктара Сазонава, напісаны год таму пасля гібелі Вітольда Ашурка)

Сяргей Верамеенка
Выступае Яўген Вапа
Алесь Капуцкі
Вольга Івашына

У другой частцы сустрэчы адбылося падпісанне паштовак цяперашнім палітвязням, тым людзям, якія пакутуюць за кратамі ў Беларусі.